Пракурор Смаргонскага раёна Андрэй Клышевіч 10 красавіка распачаў крымінальную справу ў дачыненні да 40-гадовага жыхара Смаргоні, які катаваў сваю сужыцельку.

У сваёй кватэры на вуліцы Суворава мужчына жыве з 23-гадовай сужыцелькай 6 гадоў. У іх двое малалетніх дзяцей. Андрэй Клышевіч распавёў kraj.by:

— У госці да сужыцеляў 16 лютага прыйшоў брат мужчыны. Усе ўтрох выпівалі. Калі госць пайшоў, п’яны гаспадар раптам западозрыў сваю жанчыну ў здрадах. З рэўнасці ён выліў на яе чайнік гарачай вады. Пацярпелая ўцякла на балкон, але раўнівец не супакоіўся. Ён зноў наліў у чайнік вады і паставіў яго на агонь. Потым і гэтую ваду выліў на маці сваіх дзяцей.

Па словах Андрэя Клышевіча, пацярпелая была ў халаце. Яна атрымала тэрмічныя апёкі 7% цела — шыі, плячэй, грудзі, жывата — трох ступеняў.

Судова-медыцынская экспертыза кваліфікавала цялесныя пашкоджанні як лёгкія, якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя. У гэтым выпадку крымінальная справа без заявы пацярпелага не ўзбуджаецца. Узбудзіць яго мае права толькі пракурор.

Жанчына, якая знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе за дзецьмі, не стала пісаць заяву. Але яе маці патрабуе прыцягнуць сужыцеля дачкі да адказнасці. Супрацоўнікі міліцыі пасля праведзенай праверкі напісалі пракурору хадайніцтва аб узбуджэнні крымінальнай справы, і Андрэй Клышевіч яго узбудзіў.

Мужчына тройчы быў судзімы. У тым ліку за крадзеж і злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі, у якой ён адбываў пакаранне. Не працуе. Справа ўзбуджаная па першай частцы артыкула 154 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Наўмыснае прычыненне працяглай болю ці пакут спосабамі, якія выклікаюць асаблівыя фізічныя і псіхічныя пакуты пацярпелага (катаванне)». Злачынства караецца арыштам ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам або без штрафу.