Цэнтр інфармацыйных тэхналогій Мінгарвыканкама на міжнародным форуме па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях «ТІБО» прадставіў абноўлены сайт партала 115.бел, які пашырыць фармат і зменіць назву, піша БелТА.

«Першапачаткова праект «Мой горад» 115.бел ахопліваў толькі Мінск, але на працягу 2018 года распаўсюдзіўся на ўсю Беларусь. Мы абнавілі інтэрфейс, аб’ядналі два каналы атрымання інфармацыі (службу 115 і сайт), стварыўшы адзіную дыспетчарскую сістэму. Партал атрымаў новую назву «Мая Рэспублiка», — патлумачыла кіраўніца аддзела маркетынгу прадпрыемства Аксана Галавацкая.

Таксама распрацаваны мабільны дадатак для карыстальнікаў ЖКП, які дазваляе атрымліваць паведамленні па пытаннях, якія цікавяць, напрыклад, па графіку ўключэння / адключэння гарачай вады, выкананню заявак прадпрыемствамі ЖКГ. У жыхароў з’явіцца магчымасць фармаваць пералік абраных адрасоў, уключаючы ў яго некалькі дамоў, накіроўваць заяўку з прывязкай кропкі на карце. Будуць даступныя аналітычныя дадзеныя, напрыклад, па тэматыцы запытаў.

Па словах Аксаны Галавацкай, змены ўнесены з улікам меркавання грамадзян. Чакаецца, што новаўвядзенні ўкарэняць да канца года. Таксама ў ліку прадстаўленых на «ТІБО» распрацовак — праграма «Домулік», прызначаная для эксплуатацыі ў арганізацыях жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Тут сабрана інфармацыйная база, якая забяспечвае ўлік работ па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў і размеркаванне выдаткаў па іх. Яна дазваляе ў тым ліку прымацоўваць рознага роду дакументы, фота будынкаў. «Гэта новы праграмны прадукт, які ў гэтым годзе выходзіць на рынак. У тэставым рэжыме некалькі модуляў ўжо працуюць у Мінскім раёне», — адзначыла Аксана Галавацкая.

Партал «Мой горад» пачаў функцыянаваць у лістападзе 2015 года. Ён не з’яўляецца афіцыйным сайтам дзяржаўных органаў і арганізацый. Галоўная яго задача — спрасціць ўзаемадзеянне службаў ЖКГ з гараджанамі. Пасля мадэрацыі запыты накіроўваюцца камунальным службам для выканання. Зваротная сувязь рэалізуецца праз прагляд статусу апрацоўкі апублікаванага запыту, а таксама аналіз вынікаў у фармаце малюнкаў «было» і «стала». Жыхары могуць уплываць на рэйтынг арганізацыі, ацэньваючы якасць працы.