Гродзенец Цімафей Алёхін больш за год тэстуе ва ўласным двары сметніцы, ідэю якіх падгледзеў у Эстоніі. Яны прыйшліся па душы суседзям і камунальным службам, але гарадская архітэктура не спяшаецца іх узгадняць.

Цімафей звярнуўся ў рэдакцыю Hrodna.life, каб распавесці аб праекце і даведацца меркаванне гараджан.

«Ідэю я падгледзеў некалькі гадоў таму ў Таліне, — распавядае Цімафей. — Там усюды такія скрыні вісяць на апорах асвятлення. Яны не стаяць на зямлі, а знаходзяцца на ўзроўні зроку і рукі, што вельмі зручна. Чалавеку не трэба цягнуцца ўніз, каб выкінуць смецце. Мне спадабалася ідэя і я прывёз яе ў Гродна».

Гродзенец прапанаваў гораду новыя сметніцы, але архітэктура іх пакуль не ўзгадняе
Смеццевыя скрыні на апорах асвятлення ў Таліне
У Гродне Цімафей вырабіў дзве пробныя сметніцы і павесіў адну ў сябе ў двары. Ён сам абслугоўвае яе па меры неабходнасці. Аб’ём урны 100 літраў.

«Урну павесіў на ліхтарным слупе яшчэ год таму. Аб’ёму хапае прыкладна на тры тыдні. Такі варыянт я прапаную гораду. За час тэставання я прайшоў шмат узгадненняў, як з гарадской ЖКГ, так і ўласнікамі. У гарвыканкаме ідэю ўхвалілі, але я не змог прайсці архітэктуру. З імі ў нас галоўная праблема. Зараз мы хочам пачуць меркаванне гараджан, правесці якое-небудзь апытанне. Можа тады архітэктар задумаецца», — дадаў Цімафей.

У гарадской архітэктуры распавялі, што не ўзгадняюць размяшчэнне смеццевых кантэйнераў - гэтым займаецца ЖКГ. Ва ўпраўленне архітэктуры гэты праект падаваўся як спосаб размяшчэння рэкламы. Там палічылі яго немэтазгодным.

Гродзенец прапанаваў гораду новыя сметніцы, але архітэктура іх пакуль не ўзгадняе
Сметніца ў двары Цімафея

Гродзенец прапанаваў гораду новыя сметніцы, але архітэктура іх пакуль не ўзгадняе
Сметніца ў двары Цімафея
За апошні год у Гродне з’явіліся самыя розныя сметніцы: у выглядзе джэнтльменаў, дворнікаў, дам з сабачкамі і нават парасонаў. З іх усталёўкай праблем не было. Праўда, «дворнік» потым знік, як і «турыст».

А што вы думаеце: ці патрэбныя гораду новыя сметніцы, якія прапануе Цімафей Алёхін?

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life