Паехаць цягніком на Брузгі і далей на Польшчу будзе немагчыма 16−17 і 23−24 красавіка. Сёлета на чыгуначным мосце праз Нёман праходзіць капітальны рамонт. Гэтымі днямі будуць працаваць рамонтнікі.
Цягам перыядаў рамонту на мосце дэмантуюць частку металаканструкцый, зрэжуць старыя заклёпкі і заменяць непрыдатныя элементы металічнай фермы на новыя. Акрамя гэтага, пакладуць новыя шпалы. Працы выконваюць пуцявікі з Ваўкавыска. Даўжыня моста большая за 200 метраў. Каб не закрываць яго на працяглы тэрмін, работы праводзяць паэтапна. Па словах галоўнага інжынера Ваўкавыскай дыстанцыі чыгункі Артура Вальчыка, зараз ідуць працы па замене металаканструкцый верхняй часткі і яны блізкія да завяршэння.
Беларуская чыгунка рэкамендуе пасажырам сачыць за зменамі ў раскладзе на афіцыйным сайце арганізацыі або тэлефанаваць у Кантакт-цэнтр БЧ па адзіным нумары 105. Ад сакавіка званок даступны з усіх рэгіёнаў Беларусі.
Чыгуначны мост праз Нёман пабудавалі ў пазамінулым стагоддзі падчас будаўніцтва Пецярбуржска-Варшаўскай чыгункі. У час Вялікай Айчыннай мост быў разбураны. У сучасным выглядзе адноўлены ў 1946 годзе. Зараз гэта асноўная чыгуначная сувязь рэгіёна з Заходняй Еўропай.