30 сакавіка ў Беларусі на гадзіну пагаснуць агні і падсветка вядомых помнікаў, знакавых установаў, адміністратыўных будынкаў і інш. Такім чынам нашая краіна ў 11 раз далучаецца да глабальнай экалагічнай акцыі «Гадзіна Зямлі». Таварыства «Зялёная сетка» падрыхтавала шэраг актыўнасцяў на цёмны час і запрашае жадаючых падумаць пра планету далучацца.

Гадзіна Зямлі - сусветная экалагічная акцыя, закліканая прыцягнуць увагу да глабальных праблем чалавецтва і наваколля. Праз простае дзеяння, адключэнне святла і асвятлення роўна на адну гадзіну, з 20.30 да 21.30 па мясцовым часе, краіны і людзі дэманструюць сваю неабыякаваць да стану навакольнага асяроддзя, змянення клімату і праблемы абмежаванасці прыродных рэсурсаў. Паказваюць сваё жаданне дзейнічаць накарысць планеце.

У мінулым годзе да акцыі далучылася 188 краін, сярод якіх была і Беларусь.

«Для нашай краіны Гадзіна Зямлі стала сапраўднай экалагічнай падзеяй, да якой далучаюцца, буйныя прадпрыемствы, установы, культурніцкія пляцоўкі, кафэ, бары і простыя людзі. З кожным годам гэты спіс становіцца ўсё больш», — кажуць у таварыстве «Зялёная сетка», якое з’яўляецца нацыянальным каардынатарам акцыі ў Беларусі.

З году ў год для акцыі абіраецца галоўная тэма, што становіцца скразной для ўсіх мерапрыемстваў, які праходзяць у розных гарадах краіны. На гэты раз таварыствам былі выбраны тры: за чыстае паветра, за чыстае наваколле і за чыстую энергетыку.

Нельга абмінаць увагай і будаўніцтва Беларускай АЭС. Сёння станцыю збіраюцца запускаць, не маючы стратэгіі на абыходжанне з адпрацаваным ядзерным палівам. Ёсць і іншыя пытанні яе бяспекі і мэтазгоднасці, што да гэтага часу застаюцца без адказаў", — зазначаюць арганізатары акцыі.

Што будзе ў Гродне

Вечарам у горадзе адключыцца падсветка па вуліцы Савецкай, ГД «Нёман», Моладзевага цэнтра «Гродна» і Гродненскай праваслаўнай епархіі. Далучацца да акцыі і гарадскія кафэ, дзе можна прыемна і рамантычна правесці вечар: «Раскоша», «Каралеўскае паляванне», «Рэтра піца», «Карчма».

У першым гродненскім веганскім кафэ «Несцерка» з нагоды акцыі адбудзецца акустычны канцэрт Dot K/.K і Андрэя Кірэя пры свячах. Пачатак, а 20.30, уваход вольны.