Цікавы здымак вайскоўца на фоне пажарнай каланчы ў Гродне паказала Hrodna.life чытачка Яна Вараб’ёва. На фатаграфіі яе дзядуля Міхаіл Лашак. Падобных здымкаў з Гродна мы раней не бачылі. Расказваем гісторыю вайскоўца і фатаграфіі.

Міхаіл Сцяпанавіч Лашак нарадзіўся ў 1918 годзе ў вёсцы Дзекалавічы (Гродзенскі раён). Палкоўнік войска польскага, служыў у савецкім войску. Пасля вайны быў артылерыстам. Памёр у 1977 годзе і пахаваны ў Варшаве.

“Фотаздымкі Міхаіла Лашака захоўваюцца ў нашым сямейным альбоме, але інфармацыі пра яго мала. Толькі тое, што памятае бабуля, – распавядае Яна Вараб’ёва. – У 1940-м годзе Міхаіла Сцяпанавіча прызвалі ў савецкую армію, падчас вайны ён быў удзельнікам Сталінградскай бітвы. Атрымаў шматлікія раненні, трапіў у шпіталь. У 1944 годзе за заслугі перад бацькаўшчынай трапіў на пабыўку ў Гродне. Праз некаторы час, паколькі ён ведаў польскую мову, адправіўся добраахвотнікам у Войска польскае, створанае ў СССР. Пасля вайны жыў у Варшаве, там і памёр”.

Сярод фатаграфій Міхаіла Лашака вылучаецца адна – на фоне пажарнай каланчы. Сёння, у эпоху мабільных тэлефонаў і прафесійных камер, не кожны гродзенец зможа зрабіць падобную. Міхаіл стаіць на парапеце моста, які вядзе да Старога замку, а на фоне – пажарная каланча, да якой ён быццам дакранаецца рукой.

“Фатаграфія з каланчой вылучаецца сярод іншых, яна незвычайная. Падобных здымкаў я ніколі не бачыла», – дадала Яна.

Здымак на фоне каланчы ў 1944: мантаж ці арыгінальная задумка фатографа?
Мост да Старога замку ў 1930-я гг. На яго парапеце стаяў Міхаіл Лашак

Сёння паўтарыць здымак з каланчой праблематычна. Па-першае, мост зачынены, бо ідзе рэканструкцыя Старога замка, па-другое, на парапетах з’явіўся скатная дашак, па-трэцяе, паўтараць падобнае небяспечна.

З нагоды фатаграфіі з каланчой, думкі ў рэдакцыі Hrodna.life падзяліліся: хтосьці кажа, што здымак гэта мантаж, а хтосьці –
што фатограф проста знайшоў ўдалы ракурс. А што думаеце вы?

Здымак на фоне каланчы ў 1944: мантаж ці арыгінальная задумка фатографа?
Руслан Кулевіч паспрабаваў, не атрымалася… Міхаіл Лашак стаяў бліжэй да пачатку моста
Ахвяруй 1,5% ад падаткаў у Польшчы
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]