Больш за год спатрэбілася, каб знайсці новых уласнікаў для комплексу будынкаў на вуліцы Панямуньскай. Былая ўласнасць ААТ «Гроднапрамтэхніка», у тым ліку і перароблены пад склад неагатычны касцёл, былі прададзеныя на адкрытых таргах ў аўторак, 12 сакавіка, піша «Вячэрні Гродна».

Як прадавалі?

Ужо былая маёмасць ААТ «Гроднапрамтэхніка» раскінулася на плошчы больш чым 4 га і ўключае ў сябе 16 розных пабудоў: адміністрацыйныя будынкі, дыспетчарскую-прахадную, склады, арачны гараж і іншыя будынкі, а таксама той самы склад-касцёл.


Менавіта з-за яго да комплексу звычайных вытворчых памяшканняў заўсёды была павышаная ўвага грамадскасці. Справа ў тым, што пад фармулёўкай «склад-касцёл» хаваецца каталіцкая капліца, пабудаваная ў неагатычным стылі ў 70-я гады XIX стагоддзя. Пабудова знаходзіцца ў спісе гісторыка-культурных каштоўнасцяў. У савецкі час з яе знялі крыж, а па баках прыбудавалі гараж і гаспадарчыя пабудовы. Будынак выкарыстоўваўся як склад, а ў дадзены момант закрыты для наведвальнікаў.

На першых таргах комплекс будынкаў прапаноўваўся амаль за 4 мільёны рублёў, але ў ходзе наступных аўкцыёнаў, на якія, як правіла, ніхто не рэгістраваўся, пачатковая цана знізілася да 738 тысяч рублёў.

Што там будзе далей?

На чарговыя таргі зарэгістраваўся толькі адзін пакупнік, выніковая сума ўгоды склала 774 тысяч рублёў. Новым уладальнікам нерухомасці ў Панямуні стаў прыватны прадпрымальнік Андрэй Буяноўскі. Пакуль бізнэсмэн вельмі асцярожна будуе планы адносна набыцця:

— Наперадзе досыць шмат папярэдняй працы, у тым ліку трэба прывесці будынкі ў парадак, ацаніць ступень зносу памяшканняў. Што там будзе ў будучыні, пакуль незразумела. Але будзем адштурхоўвацца ад таго, што цяпер там функцыянуе вытворчая база, — адзначыў Андрэй.

На пытанне, ці збіраецца ён аднаўляць былы храм, прадпрымальнік адказаў, што гэтым ён яшчэ не думаў. Але пры гэтым дадаў, што не выключана, што неўзабаве і сам там будзе маліцца.

Даведка

Капліца ў Панямунь была часткай каралеўскай рэзідэнцыі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1993 годзе капліцу абследавалі гісторыкі. Тады там быў знойдзены барэльеф з гербам караля Аўгуста I з шэрага пяшчаніку канца XVII стагоддзя, які калісьці знаходзіўся над уездам у Стары замак. Барэльеф быў перададзены ў Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей.

У мінулым годзе гродзенец Яўген Аснарэўскі звярнуўся да гарадскіх уладаў з ініцыятывай рэстаўрацыі храма і перадачы яго каталіцкім вернікам. На яго думку, адраджэнне капліцы можа стаць першым крокам у комплекснай рэнавацыі маёнтка Панямунь і ператварэння былога палацава-паркавага ансамбля ў адну з папулярных турыстычных славутасцяў горада.