У сацсетках гродзенцы абмеркавалі, колькі ім даводзілася ахвяраваць за хрышчэнне дзяцей у касцёлах горада. Адны пісалі, што ахвяравалі па ўласным меркаванні, іншыя сцвярджалі, што ім агучвалі “пажаданую” суму. На абмеркаванне звярнуў увагу Katolik.life.
Удзельнікі абмеркавання адзначылі, што ў касцёлах не прадугледжаны расцэнкі за сакрамэнт хрышчэння – людзі проста пакідаюць ахвяраванні па ўласным меркаванні і зыходзячы са сваіх магчымасцяў.
Адзін з каментатараў адказаў, што пакідаў ахвяраванне ў Фарным касцёле ў памеры $30 (каля 90 руб.).
«Цэнніка няма – колькі зможаце, столькі дасце. Мы пакідалі 200 рублёў», – напісала іншая каментатарка.
Але некалькі карыстальнікаў сцвярджаюць, што ў Фарным касцёле ім называлі «пажаданую» суму:
“Прайса няма, але намякнулі, колькі астатнія даюць”.
Іншая карыстальніца напісала, што ў Фарным касцёле за хрышчэнне папрасілі 150 руб.
У адным з іншых касцёлаў Гродна “пажаданай” сумай нібыта было 200 руб. Такія ж сумы – ад 150 да 200 руб. – ахвяравалі іншыя карыстальнікі ў розных парафіях, але рабілі гэта па ўласным меркаванням.
Гродзенцы таксама звярнулі ўвагу, што некаторыя святары не праводзілі папярэдняй падрыхтоўкі ці размовы з бацькамі і хроснымі. Таму некаторыя ў момант здзяйснення сакрамэнту «стаялі як укапаныя і нават не ведалі, што сказаць».
Іншым святары казалі “проста паўтараць” патрэбныя словы. Але, напрыклад, у касцёле на Дзевятоўцы за дзень да хрышчэння была гутарка са святаром, падчас якой ён тлумачыў, як будзе адбывацца сакрамэнт, а суму за хрышчэнне не называлі.
Чытайце таксама: Фарны касцёл у Гродне маглі знесці. Краязнаўцы – пра самыя недарэчныя архітэктурныя планы



