Ужо цяпер спрабуюць падсочваць дрэвы, аднак умовы надвор’я пакуль не дазваляюць казаць пра тое, што пачаўся перыяд актыўнага руху соку. Аднак не выключана, што да канца тыдня, калі не будзе замаразкаў, у лясніцтвах Гродзенскага раёна ўсё ж пачнуць масавую нарыхтоўку бярозавіка, піша «Перспектыва».

У планах на гэты сезон у работнікаў ДЛГУ «Гродзенскі лясгас» — сабраць не менш за 300 тон бярозавага соку. Дарэчы, у мінулым годзе ўдалося атрымаць толькі 271 тону, з якіх 120 тон было рэалізавана насельніцтву. Гэта звязана з даволі непрацяглым перыядам руху соку, які у 2018 годзе доўжыўся не больш за тыдзень. У сярэднім, пры спрыяльных умовах надвор’я нарыхтоўка бярозавіку можа праходзіць на працягу двух-трох тыдняў.

У ДЛГУ «Гродзенскі лясгас» сцвярджаюць, што ў бліжэйшы час будуць гатовыя задаволіць попыт насельніцтва горада і раёна на гаючы прыродны напой. Ужо вызначаны пункты рэалізацыі бярозавага соку на тэрыторыі Гродзенскага раёна: дзве асноўныя будуць знаходзіцца непадалёк ад вёсак Казіміраўка і Капцёўка. Вядома, што ў гэтым годзе адзін літр соку будзе каштаваць 20 капеек. Акрамя рэалізацыі насельніцтву, гродзенскія леснікі плануюць пастаўляць бярозавы сок мясцовым прамысловым прадпрыемствам на перапрацоўку. Ужо ёсць дамоўленасці з Гродзенскім кансервавым заводам і некаторымі прыватнымі прадпрыемствамі.