Як паведамілі ў ОУПП «Гродзенская гарадская ЖКГ» «Вечернему Гродно», скульптура была ўсталяваная часова да 890-годдзя Гродна. Цяпер ёй шукаюць новае месца ў горадзе, але куды «пераселіцца» драўляны турыст, пакуль невядома.

«Гродзенская праўда» піша, што ў Гродзенскі гарвыканкам паступала нямала зваротаў неабыякавых гараджан з нагоды гэтай скульптуры, на іх погляд, не адпаведнай гістарычнаму абліччу цэнтра Гродна. Выказваліся пажаданні ўсталяваць на гэтым месцы, часцей іншых наведвальным замежнымі бязвізавымі турыстамі, больш значны ў мастацкім выкананні помнік з выразнай прывязкай да Гродна.

У выканкаме прыслухаліся да меркавання не толькі гараджан, але і гісторыкаў, краязнаўцаў, скульптараў, архітэктараў. Пасля гэтага было прынята рашэнне аб пераносе драўлянай скульптуры.

Цяпер «турыст» дастаўлены на прадпрыемства, дзе яго вырабілі. Спатрэбіцца выканаць невялікі касметычны рамонт, пасля чаго скульптура прапішацца ў маляўнічым скверы на Фолюшы.

Як паведамілі ў гарвыканкаме, тут гатовы разглядаць розныя прапановы і варыянты мастацкіх кампазіцый на гэтым месцы. Безумоўна годных гістарычнага цэнтра Гродна.

Скульптура з’явілася ў верасні мінулага года. Фігура хлопца ў шапцы і з заплечнікам стала прадметам абмеркаванняў. Карыстальнікі інтэрнэту хутка знайшлі брата-блізнюка гродзенскага турыста ў Іркуцку.