Кардонныя лыжкі для замены аднаразовага пластыка пачала выпускаць Гродзенская тыпаграфія, паведаміў БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Вішнеўскі. Вырабляецца новая прадукцыя з рэшткаў сыравіны, якая не выкарыстоўваецца ў далейшай перапрацоўцы. Атрыманы і пратакол вынікаў выпрабаванняў пра бяспеку прадукту пры выкарыстанні ў харчовых мэтах.

«Адно з палажэнняў Дырэктывы № 7 прадугледжвае паэтапнае зніжэнне выкарыстання пластыкавай і поліэтыленавай упакоўкі і замяшчэнне яе бяспечнымі відамі. Менавіта таму і запусцілі новую прадукцыю. Тут адсутнічае традыцыйны пластык: кардон жа разлічаны на поўную перапрацоўку», — адзначыў Сяргей Вішнеўскі.

Кардонныя лыжкі актыўна выкарыстоўваліся падчас фестывалю салдацкай кашы, які ў Гродне правялі ў рамках святкавання Дня Незалежнасці. Закупляюць лыжкі для замены пластыкавай прадукцыі і некаторыя вытворцы прадуктаў харчавання. Сяргей Вішнеўскі адзначыў, што сёння ў індустрыі харчовых прадуктаў расце попыт на экалагічныя рашэнні. Таму прапрацоўваецца пытанне пашырэння лінейкі ўпаковачнай прадукцыі, аднаразовага посуду з кардона.