Год таму грамадскія актывісты сабралі больш за 500 подпісаў за ўсталяванне ў Гродне мемарыяльнай шыльды ў гонар Беларускай Народнай Рэспублікі. Яе прапаноўвалі павесіць на будынку па вуліцы Савецкай, 23. Гэты дом мае непасрэднае дачыненне да гісторыі БНР у Гродне. Тады гарадскія ўлады ад ідэі канчаткова не адмовіліся і прапанавалі ініцыятарам пачакаць.

Адным з ініцыятараў устаноўкі шыльды быў актывіст Анатоль Мышкевіч. Тэмай шыльды зараз ён не бачыць сэнсу займацца.

«Мне сказалі ў гарвыканкаме чакаць, майстрам якім мы прапанавалі працу, таксама сказалі адмовіцца ад замовы, калі яны хочуць і далей супрацоўнічаць з горадам. Я так зразумеў, што пакуль не паставяць у Мінску дошку, у нас гэта пытанне замарожана. Ніхто не дасць згоды. Таму займацца пытаннем устаноўкі шыльды ў Гродне цяпер пустая страта часу», — распавёў Анатоль Мышкевіч.

У справе выбару будынка актывісты звярталіся па дапамогу да гродзенскага гісторыка Андрэя Чарнякевіча. На Савецкай, 23 вясной 1919 г. працаваў Беларускі нацыянальны камітэт, Беларуская павятовая рада, Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны, клуб «Беларуская хатка», Грамада беларускай моладзі, курсы беларускай мовы, адбываліся беларускія вечарыны, працавала рэдакцыя газеты «Беларусь». У сакавіку 1919 г. у гэтым будынку праходзілі пасяджэнні Рады міністраў БНР.

Зараз Гродзенскі гарвыканкам прымае рашэнне наконт дазволу святкавання Дня Волі прымеркаванага да 101 гадавіны абвяшчэння БНР.


Лявон вяртаецца! Hrodna.life выдаў турыстычную мапу да 100-годдзя БНР


Даведка

Незалежнасць БНР была абвешчана ў ноч з 24 на 25 сакавіка 1918 года. Калі перад наступленнем германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск, дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны. 21 лютага 1918 года выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.


20 фактаў пра Антона Луцкевіча, стваральніка БНР і прыхільніка Леніна


Урад БНР прыкладаў намаганні для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, рыхтавалася адкрыццё ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня». У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыппрадстаўніцтвы БНР.


Знаёмства з кнігай: даведнік «Шляхамі БНР»


Аднак з-за складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны — яна апынулася неабароненай перад расійскімі бальшавікамі і польскімі легіёнамі. У снежні 1918 года ўрад БНР быў вымушаны пераехаць у Вільню, затым — у Гродна. 1 студзеня 1919 года бальшавікі абвясцілі ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, якая ў 1922 годзе ўвайшла ў склад СССР.