Дзе пачалася гісторыя кахання Тамаша Грыба і Паўліны Мядзёлкі, а дзе сябры Антанты вырашалі, каму дастанецца Гродна? На мапе пазначана 12 месцаў другой сталіцы БНР, звязаных са станаўленнем беларускай дзяржаўнасці. Папяровы варыянт з’явіцца напярэдадні 25 сакавіка, піша С**бода.

Лявон вяртаецца! Hrodna.life выдаў турыстычную мапу да 100-годдзя БНР

Гродна — важны для гісторыі беларускай дзяржаўнасці

Гэта сумесны праект Цэнтру гарадскога жыцця і інфармацыйнага партала Hrodna.Life. Малявала мапу дызайнерка Воля Новік, а каардынавала праект журналістка Ірына Новік.

Мапа створаная на падставе даследаванняў Андрэя Чарнякевіча, прыведзеных у даведніку «Шляхамі БНР». Андрэй Вашкевіч падзяліўся фотаздымкамі са свайго архіву, на падставе якіх маляваліся будынкі. Некаторых з іх ужо не існуе (яны пазначаныя на мапе чырвоным).

Аўтары хацелі паказаць, наколькі важным быў Гродна для гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Таксама мапа можа стаць першым крокам для многіх беларусаў і турыстаў да больш глыбокага вывучэння гісторыі БНР.

«У Гродна вельмі глыбокая гісторыя. Ёсць і беларускі Гродна, і габрэйскі, і польскі. У кожным гістарычным перыядзе розныя людзі бачылі свой Гродна. Адна з мэтаў мапы паказаць, што наш горад можа быць розным. Гэтая канцэпцыя больш беларуская і сканцэнтраваная на тых слядах, на тых будынках, якія адносіліся да часу станаўлення БНР», — кажа каардынатарка праекта Ірына Новік.

Тысячу асобнікаў распаўсюдзяць бясплатна

Мапа выйдзе на беларускай мове накладам 1000 асобнікаў. Яе можна будзе бясплатна атрымаць у Цэнтры гарадскога жыцця (Савецкая, 3), этнакраме «Цудоўня» (Кірава, 3), кавярні «Наша кава» (Замкавая, 11) і па іншых адрасах. Аўтары плануюць распаўсюджваць мапу на літаратурнай вечарыне і беларускай дыктоўцы, прысвечаных святкаванню стагоддзя БНР.

Мапу адрасоў БНР можна назваць працягам турыстычнай мапы, якую нядаўна презэнтавалі ў Гродне. Захаваецца дызайн, гід (алень Лявон) і фармат трансформера.

Лявон вяртаецца! Hrodna.life выдаў турыстычную мапу да 100-годдзя БНР

12 мясцінаў БНР: ад манастыра да турмы

  1. Манастыр бернардынаў — цяпер Пабернардынскі касцёл на Маставой вуліцы. Напярэдадні Першай сусветнай вайны тут адбываліся паседжанні Гродзенскага гуртка беларускай моладзі.
  2. Беларуская школа — цяпер корпус аграрнага ўніверсітэта на вуліцы Валковіча. Тут было апошняе месцазнаходжанне беларускай школы пад кіраўніцтвам Уладзімера Федарука.
  3. Беларуская хатка — вядомая гродзенцам як былая мастацкая школа. Цяпер у гэтым шэрым будынку на скрыжаванні вуліц Тэлеграфнай і Карбышава месціцца разлікова-касавы цэнтр. Тут размяшчалася Грамада беларускай моладзі, адбываліся сустрэчы беларускіх актывістаў. Менавіта тут пазнаёміліся Тамаш Грыб і Паўліна Мядзёлка. Адсюль пачалася гісторыя іхнага кахання.
  4. Міністэрства беларускіх спраў — цяпер Гуманітарны каледж на вуліцы Леніна. Тут адбываліся сустрэчы Міністэрства беларускіх спраў на чале з Язэпам Варонкам.
  5. Дом Багдановіча — цяпер музей Максіма Багдановіча. Тут у 1890-х гадах жыла сям’я Адама Ягоравіча Багдановіча, бацькі Максіма. Непасрэднага дачынення да стагоддзя БНР дом не мае. Але, паводле аўтараў мапы, для беларускай дзяржаўнасці і культуры гэта знакавы будынак.
  6. Гатэль «Расія», таксама раней называўся гатэль «Маскоўскі» — цяпер камітэт прыродааховы і Орхускі цэнтар. На пачатку 1919 году тут адбываліся сустрэчы ўраду БНР.
  7. Гатэль «Еўропа» — ад яго нічога не засталося, цяпер на гэтым месцы стаіць універмаг «Нёман». У канцы 1918 — на пачатку 1919 гадоў тут жыў старшыня ўраду БНР Антон Луцкевіч. Цікава, што фотаздымкаў гатэлю не захавалася. Малюнак будынка на мапе зроблены паводле алоўкавай рэканструкцыі гатэлю.
  8. Гатэль «Раяль» — цяпер закінуты ружовы будынак на Гараднічанскай вуліцы, у працэсе зацягнутай рэканструкцыі. Тут адбываліся сустрэчы беларускіх і польскіх актывістаў у 1919 годзе, а таксама жылі сябры вайскова-дыпламатычнай місіі Антанты, якая павінна была вырашыць будучую дзяржаўную прыналежнасць Гродзеншчыны.
  9. Беларуская камендатура — сучасная рэзідэнцыя праваслаўнага япіскапа (Горкага, 2), побач з архірэйскім падворкам. Тут размяшчалася Беларуская вайсковая камендатура і цэнтр вайсковых частак у Гродне на пачатку 1919 года.
  10. Былы Барысаглебскі манастыр — яго не засталося, на ягоным месцы пабудаваны драмтэатар. З 1916 году ў будынках манастыра дзейнічалі беларускі прытулак і беларуская школа. Кіравалі школай Аляксандар Грыкоўскі і Тэкля Станішэўская. Адметна, што добрых здымкаў манастыра не засталося. Рэканструявалі выяву па некалькіх фатаграфіях з розных ракурсаў.
  11. Старыя гарадскія могілкі на вуліцы Антонава — тут пахаваны адзін з заснавальнікаў Гродзенскага гуртка беларускай моладзі ксёндз Францішак Грынкевіч і першы настаўнік Гродзенскай беларускай школы Аляксандар Грыкоўскі.
  12. Турма — цяпер таксама турма № 1 на вуліцы Кірава. Тут у міжваенныя часы ўтрымлівалі беларускіх патрыётаў, у тым ліку, Браніслава Тарашкевіча і Пятра Сяўрука.

Апісанняў будынкаў няма на мапе, аднак яны будуць апублікаваныя на сайце Hrodna.Life.

Аўтары кажуць, што ў будычыні, мажліва, з’явяцца новыя варыянты мапы з аленем Лявонам з іншымі будынкамі і акцэнтамі, прымеркаваныя да іншых падзей.