Ён перабіваецца сезоннымі падпрацоўкамі, а ў вольны час стараецца зрабіць наш горад лепшым. Дзякуючы яго актыўнасці кіроўцы аўтапарку змаглі адстаяць свае правы, а на Вішняўцы на месцы пустыра з’явіўся сквер. Анатоль Мышкевіч з 2017 года кіруе грамадзянскай ініцыятывай «Гародня». Але два гады працы гэта не толькі некалькі паспяховых кампаній, але і дзясяткі адпісак ад уладаў.

Як з’явілася «Гародня»

Ініцыятыва «Гародня», якую каардынуе Анатолій Мышкевіч, з’явілася ў 2017 годзе. Падставай сталі праблемы ў аўтобусным парку Гродна, якія абмяркоўваліся ў горадзе. Кіроўцы скардзіліся на перапрацоўку і няўлічаныя гадзіны. Яны напісалі скаргу і папрасілі сустрэчы з юрыстам, каб зрабіць эта больш граматна.

«У іх было па 250 гадзін улічаных і 50 штомесяц няўлічаных. Хлопец паказваў разліковыя дакументы за ўвесь год. Яго зарплата была каля 600 рублёў. Калі мы пачалі пісаць скаргі, зарплата за месяц ужо стала 1000 рублёў. І нагрузка была меншай».

Каардынатар ініцыятывы “Гародня”: “Людзі не давяраюць чыноўнікам. Я прапаную гэта выправіць”
Анатолію Мышкевічу 33 гады. Вучыўся на фізкультурным факультэце, але не скончыў. Працаваў на заводзе, з’язджаў за мяжу на заробкі. Апошнім часам працуе на сезонных падпрацоўках і каардынуе грамадскую ініцыятыву «Гародня». Спачатку меў на гэта сродкі. Цяпер займаецца бясплатна. Быў у партыі БСДП (Грамада). Цяпер член АГП.
Ініцыятыва разглядае ўсе лісты, але з большага займаецца сацыяльнымі пытаннямі і працоўнымі канфліктамі. Колькасць людзей, якія звяртаюцца, непастаянная. Часам некалькі тыдняў ніхто не піша, часам за тыдзень некалькі чалавек. Звяртаюцца з рознымі просьбамі: па кансультацыю, дапамагчы напісаць зварот, схадзіць разам на прыём.

У працы з ініцыятывай дапамагаюць знаёмыя і калегі. Анатолій сам не мае юрыдычнай адукацыі, таму вывучае кожнае пытанне ў кодэксах або звяртаецца па дапамогу да знаёмых юрыстаў. Ён нават працаваў па суботах, каб у пятніцу мець магчымасць вырашаць пытанні з уладамі.

Тры самыя паспяховыя справы

Самай паспяховай справай ініцыятывы Анатолій называе дапамогу кіроўцам з аўтапарку. У выніку кіроўца, якому без прычыны не працягнулі кантракт, выйграў суд у аўтобуснага парка і дамогся выплаты трох сярэднямесячных акладаў. Другое — стварэнне мініпарку на Вішняўцы. «Там доўга было поле бруду. Зараз мы высадзілі больш за 100 дрэваў. Наступнай вясной яшчэ засадзім». Анатолій звярнуўся да ўладаў з просьбай зрабіць там спартыўную пляцоўку. Мясцовы дэпутат вылучыць грошы на яе цягам першага паўгоддзя 2019 года, калі не будзе форсмажораў.

Каардынатар ініцыятывы “Гародня”: “Людзі не давяраюць чыноўнікам. Я прапаную гэта выправіць”

Яшчэ адна справа, якой Анатолій ганарыцца, гэта футбольныя турніры. Іх правялі ўжо тры разы. Гэта турніры для дзяцей, якія толькі пачалі займацца футболам, каб падагрэць іх жаданне. Гродзенец знаходзіць спонсараў і арганізуе падарункі, салодкія прызы, дыпломы, форму ў якасці прызоў. На турніры прыходзяць гродзенскія фан-клубы і праводзяць конкурсы, а ў перапынках выступаюць чырлідары. У планах — правесці турнір па дваровым футболе.

www.facebook.com/garodnia/videos/357 623 941 692 822/

Сёлета футбольны турнір для дзяцей ледзь не сарваўся. Яго не дазволілі правесці на стадыёне спартыўнага комплексу «Нёман». У выніку ён прайшоў у школьнай спартыўнай зале. Анатолій лічыць, што гэта помста за тое, што ён намагаецца прымусіць улады рабіць відэатрансляцыі паседжанняў.

«Людзі не давяраюць нашым чыноўнікам. Я прапаную ім гэта выправіць»

Зараз Анатолій хоча арганізаваць анлайн-трансляцыю паседжанняў Савета дэпутатаў, каб кожны меў да іх доступ. Актывіст для гэтага стварыў петыцыю на старонцы petitions.by. Звяртаўся ў Гродзенскі гарвыканкам, нават судзіўся і абскарджваў адмоўнае рашэнне суддзі.

— Людзі не давяраюць нашым чыноўнікам. Я прапаную ім гэта выправіць. Пакажыце сваю працу, пакажыце, што вы насамрэч робіце на карысць краіны, горада, грамадзян, каб людзі пачалі вам давяраць. Калі яны гэтага не робяць, значыць, ім ёсць што прыхоўваць. Або хтосьці ў сваіх інтарэсах прымае рашэнні. Мы хочам гэта бачыць. Думаю, не ў аднаго мяне такое жаданне, — кажа Анатолій.

Таксама ён будзе пісаць заяву, каб хтосьці з актывістаў прысутнічаў на кожнай сесіі Савета дэпутатаў.

— Дыялог выбудоўваць складана. Яны (улады — аўт.) робяць выгляд, што мы не ворагі, што яны гатовы ісці на дыялог, але, як правіла, часта гэтыя словы аказваюцца непраўдзівымі.

«Я ім магу стварыць праблем больш, чым яны мне»

Самая вялікая праблема ў горадзе, лічыць актывіст, у працоўных адносінах і адносінах чыноўнікаў да людзей.

— У мінулым годзе дамагліся рэзультатаў на Заводзе карданных валаў. Там спрабавалі штучна завысіць зарплату. Людзі працавалі пяць дзён, а па паперах чатыры. Па калектыўнай дамове людзі не атрымлівалі з 2012 года даплату да адпачынку на аздараўленне. Пачаліся праверкі, мяне там спрабавалі схаваць, але мне ўдалося паразмаўляць з правяраючым. З гэтага года пачалі атрымліваць, — кажа актывіст.

Каардынатар ініцыятывы “Гародня”: “Людзі не давяраюць чыноўнікам. Я прапаную гэта выправіць”
На другім беразе Нёмана бачныя цэхі Завода карданных валаў
Такіх прыкладаў за сваю працу актывіст можа назваць шмат: ад незахавання тэмпературных рэжымаў у цэхах да прэмій у сотні рублёў, якія выпісваюць сабе дырэктары. Праблема ёсць і ў светапоглядзе людзей.

— Людзі чагосьці асцерагаюцца, самі не ведаюць, чаго. Калі ёсць праблемы на працы, тэлефануць, просяць дапамагчы, але так, каб пра яго ніхто не ведаў. Каб не было ні подпісу, ні імя. А чаго баяцца? Я ж неяк жыву, у турму не пасадзілі. З працы на «карданах» не звольнілі (звольніўся сам пазней — рэд.). Наадварот, зразумелі, што ціск на мяне выходзіць ім бокам. Я ім магу стварыць праблем больш, чым яны мне. Мне здаецца, не варта баяцца, трэба адстойваць свае правы і законныя інтарэсы. Хай падумае пра будучынюю дзяцей і ўнукаў. Чым даўжэй яны будуць цярпець самі, тым горш будуць жыць іх дзеці.

У чым праблемы мясцовых уладаў?

— Самая вялікая праблема — усё вырашае адзін чалавек. Затым усё ідзе па вертыкалі. Чыноўнікі, якія стаяць ніжэй, выконваюць рашэнні, нават калі рашэнне няправільнае і будзе ісці на шкоду эканоміцы ці пэўнай галіне. І людзі, якія трапляюць на высокія пасады, паслухмяныя і будуць спакойна выконваць тое, што трэба.

Анатолій хоча, каб у іх было ўласнае меркаванне. «Каб яны працавалі не так, як хоча вышэйшае кіраўніцтва, а слухалі спецыялістаў, набіралі на працу людзей, якія профі ў сваёй галіне, а не паводле ідэалагічных меркаванняў. Большасць маладых людзей з’язджае працаваць за мяжу — у Польшчу, Расію, Амерыку. Людзей „з галавой“ трэба весці са школы, прабіваць месца з інстытута».

Таксама праблема — улады не ўмеюць прызнаваць свае памылкі і выпраўляць іх. «Яны стараюцца любую праблему замяць, прыхаваць, але не вырашаць. Калі ёсць праблема, яе трэба вырашаць. Так было з аўтапаркам. Мне дагэтуль прыпамінаюць, што я быў не правы. А ў чым я быў не правы?»

Якой была б ідэальная Беларусь паводле Анатолія Мышкевіча? «Там, дзе будуць паважаць чалавека, як асобу, як працаўніка, як грамадзяніна. Як чалавека, за кошт каторага ўсё існуе. Нам тыкаюць — „грошы дзяржаўныя“. Але ў дзяржавы няма нічога свайго. Гэта грошы, якія мы зарабляем. І ўсё гэта належыць нам: будынкі, заводы, бальніцы, міліцыя. А працуе гэта ўсё зараз не на нас».

«Не бачу сябе чыноўнікам»

У Гродне мы налічылі як мінімум пяць партый: Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная Грамада), Партыя «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Гавары Праўду», Рух «За Свабоду», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларускі Народны Фронт. Чаму ў горадзе не заўважна дзеянняў людзей, якія маюць палітычныя амбіцыі і час ад часу ходзяць на выбары ў якасці кандыдатаў?

— Мне здаецца, людзі стаміліся. Моладзі там не так шмат, людзі сярэдняга ўзросту… Людзі стаміліся за ўсе гэтыя гады дамагацца і нічога не дамагчыся, — разважае Анатолій.

Сам Анатолій не лічыць сябе палітыкам і не дзейнічае згодна палітычным амбіцыям.

— Не бачу сябе дэпутатам, чыноўнікам. Проста ў адзін момант нешта атрымалася раз, другі, спадабалася і хочацца зрабіць нешта карыснае для людзей, — кажа актывіст. — Нават калі нейкім цудам я апынуся ў ліку дэпутатаў ці ў гарвыканкаме, адзін чалавек нічога не зменіць. Павінен быць чалавек, які б паказваў службам на іх недапрацоўкі. Можа, і не варта нічога мяняць? Мне рэальна падабаецца тое, чым я займаюся. Я знайшоў сябе.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life