Выстава кніжных малюнкаў Сальвадора Далі, прысвечаных «Боскай камедыі» Дантэ, адкрылася ў сенатарскія зале Новага замка ў пятніцу, 1 сакавіка, піша vgr.by.

Калекцыя, якая прыехала ў Гродна, адрозніваецца наяўнасцю аўтографаў майстра: Далі не любіў пакідаць свае росчыркі. Раней яна належала Уладзіміру Высоцкаму і Марыне Уладзі, аб гэтым стала вядома, толькі калі жонка барда вырашылася на яе продаж. Сёння гэтыя работы прызнаныя лепшымі творамі Далі ў галіне кніжнай графікі.

Як і паэма Дантэ Аліг'еры, створаныя да яе ілюстрацыі спачатку былі ўспрынятыя ў штыкі. Мастацкае афармленне «Боскай камедыі», новае выданне якой было прымеркавана да 700-годдзя паэта, Далі выконваў па замове ўрада Італіі. Аднак Папа Рымскі, які шмат чуў пра эпатажную і правакацыйную творчасць мастака, дамогся адмены заказу. Але Далі не спыніў працу, вырашыўшы дарабіць яе бясплатна. Ён захоплена даследаваў істот фантастычнага свету, адкрываючы новыя законы перспектывы і імкнучыся перасягнуць Дорэ, Рафаэля і Батычэлі калі не акуратнасцю і дакладнасцю вобразаў, то паўнатой свайго даследавання. У выніку мастак выдаткаваў на «Боскую камедыю» дзевяць гадоў, стварыўшы па адной акварэлі да кожнай тысячы радкоў паэмы. Ён асабіста прымаў удзел у стварэнні ксілаграфічных дошак, з дапамогай якіх выявы пераносіліся на паперу,
таму вынік друку немагчыма адрозніць ад акварэлі: майстру ўдалося напоўніць іх патрэбнымі адценнямі і перадаць задуму аўтара.

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

У адрозненне ад мастакоў, якія дэталёва адлюстоўвалі апісанае Дантэ, або мадэрністаў, якія наўмысна эстэтызавалі пакуты, Сальвадор Далі прапускаў вобразы паэмы праз сябе. Ён адлюстраваў пекла, якое разгортваецца ўнутры чалавека, зломанага грахамі. Пры гэтым у ролі грэшніка аказваецца глядач: доўгае сузіранне «пякельных» малюнкаў Далі паступова прыводзіць у стан трывогі, калі не страху. Гэтага і дамагаўся мастак, імкнучыся ўкласці ў свае работы хранічны жах перад здзяйсненнем грахоў, галоўным з якіх, на яго думку, была здрада радзімы. Дарэчы, Далі не ілюстраваў сцэну з Д’яблам: калі пекла разгортваецца ўнутры чалавека, у ім не можа быць сімвала першароднага зла.

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

Чысцец Сальвадора Далі таксама мае шмат монстраў і катаванняў, аднак тут у герояў з’яўляецца надзея на жыццё. Услед за ёй змяняецца каляровае афармленне: адценні становяцца святлей, і скрозь туманы настойлівы падарожнік Дантэ бачыць анёлаў. Пераадолець жахі і выпрабаванні яму дапамагае Беатрычэ — дарэчы, адзіны жаночы вобраз у творчасці Далі, якому ён не надаў рысы сваёй жонкі. З’яўленне каханай становіцца сімвалам прабачэння героя. Радасцю гэтай сустрэчы напоўнена ўся эстэтыка раю, які, як і пекла, разгортваецца ўнутры чалавечай душы. У «райскай» серыі работ Далі адыходзіць ад уласных прынцыпаў у мастацтве, ствараючы зусім новую, неўласцівую яго сюррэалізму тэхніку.

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

Акрамя ілюстрацый да паэмы Дантэ, у экспазіцыю ўключаны тры аўтарскія малюнкі, прысвечаныя Дон Кіхоту. Самым цікавым з іх з’яўляецца малюнак Дон Кіхота і анёла-каня — да гэтага Далі ніколі не сумяшчаў у адным малюнку герояў сваіх розных мастацкіх серый.

«Боскую» калекцыю Сальвадора Далі прадставілі ў Гродне

Арганізатары ўпэўненыя, што выставу трэба наведаць некалькі разоў: да работ Далі хочацца вяртацца, каб абдумваць іх зноў. У гродзенцаў такая магчымасць будзе на працягу месяца — экспазіцыя застанецца ў зале музея да 7 красавіка. Пасля гэтага незвычайныя работы майстра паедуць дзівіць гледачоў у Санкт-Пецярбургу і Таліне.