Адна частка выставы прысвечана тэатру, другая — адкрытай серыі працаў, якая яшчэ не завершана. У сваіх працах Таццяна выкарыстоўвае змешаную тэхніку, якую можна назваць аўтарскай. У ёй злучаюцца абпал па дрэве, акрыл, дэкор з канатаў і іншых матэрыялаў. «Карціну ў галаве бачу адразу ў гатовым выглядзе», — кажа мастачка. Карэспандэнты Hrodna.life пабывалі на адкрыцці выставы. Паглядзець яе можна да 20 лістапада ў Гродзенскай выставачнай зале.

Таццяна Мацкевіч нарадзілася ў Мінску ў 1976 годзе. З 2005 года яна працуе галоўным мастаком Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.

Таццяна — залаты лаўрэат у намінацыі «За найлепшую сцэнаграфію» 5-га Міжнароднага фестывалю «Ажыўшая казка» ў Маскве (спектакль «Чароўны дар» У.Сакалоўскага) і ўладальнік прэміі Фонду Смактуноўскага «За найлепшую сцэнаграфію» (за той жа спектакль).

художница Татьяна Мацкевич выставка Мыслеформы
Макет дэкарацыі да спектакля «Тарцюф» Мальера

Мацкевіч працавала над спектаклямі ў Беларусі, Літве і Латвіі. Яна — аўтарка больш за 30 сцэнаграфій да спектакляў.

У 2022 Таццяна Мацкевіч працавала над спектаклямі «Цыбуліна жыцця» Альда Нікалаі і «Трыбунал» Андрэя Макаёнка. Іх ставіў у Гродзенскім драмтэатры рэжысёр Сяргей Яскевіч.

художница Татьяна Мацкевич

Таццяна распавяла, што свае мастацкія працы яна стварае ў вольны ад тэатра час. Таму твораў не так шмат, як хацелася б. Атрымліваецца прыкладна адна праца на год. Па словах аўтаркі, некаторыя працы яна прыдумала яшчэ 15 гадоў таму. Але тады не магла знайсці прыдатную для іх рэалізацыі тэхніку, бракавала досведу. Чатыры гады таму Таццяна пачала працаваць з дрэвам і тэхнікай абпалу. Гэта дапамагло ўвасобіць у рэальнасць многія прыдуманыя раней сюжэты.

«Цяпер успрыманне жыцця памянялася, пачала разумець, што гэта такое і змагла ўвасобіць. Бачу заўсёды цэлую, гатовую карціну ў галаве. Моманту пошуку вобразу як такога няма».

«Мадэллю працавала мая дачка»

Да сваіх працаў Таццяна ставіцца трапятліва і адзначыць штосьці асабліва ёй цяжка. «Гэта як выбіраць найлепшага сярод любімых дзяцей», — параўноўвае мастачка. Але гісторыю адной з прац яна падзялілася. Мадэллю для яе стала дачка Таццяны. Тое, якой павінна атрымацца карціна, мастачка ўбачыла адразу — ад паставы дачкі да таго, што будзе на фоне.

художница Татьяна Мацкевич выставка Мыслеформы
Мадэллю для гэтай працы была дачка мастачкі

Працы, якія прадстаўлены на выставе, не прадаюцца. Тыя, каму спадабалася, што робіць Мацкевіч, могуць звязацца з мастачкай — яна зробіць новую карціну на замову.

Выстава будзе доўжыцца па 20 лістапада. Яна праходзіць у Гродзенскай выставачнай зале па адрасе вул. Ажэшкі, 38. Зала адкрыты з 9.00 да 20.00. Кошт квітка — 3 рублі, для студэнтаў і школьнікаў зніжкі. Дзеці да 7 гадоў, удзельнікі ВАВ і людзі з інваліднасцю 1 і 2 групы могуць прайсці бясплатна.

Чытайце таксама: