Жыхар Эстоніі згубіў у Гродне 820 еўра і пашпарт. Буйная сума і важныя дакументы знаходзіліся ў паперніку, піша 015.by. Кашалёк падабрала невядомая ў чырвонай шапцы і чорным паліто. Гэта паказалі відэакамеры на вуліцы Савецкай.
У Гродне Вільяр Карлавіч Лембіт апынуўся праездам з Польшчы ўвечары ў панядзелак, 18 лютага. Кажа, хадзіў па крамах, адпачываў і не заўважыў, як выпаў кашалёк. Зараз з 30 еўра на руках ён не можа з’ехаць дадому ў Талін.
Па словах мужчыны, ён звяртаўся ў праваахоўныя органы і яго як замежнага турыста былі гатовыя даставіць у Мінск, дзе знаходзіцца Эстонская амбасада. Але госцю гэты варыянт не падышоў. Бо па законе ў такой сітуацыі яго адправяць дадому, адкуль ён паўгода будзе невыязным.
Усю раніцу аўторка Вільяр Карлавіч шукае свой кашалёк. Для яго галоўнае — знайсці пашпарт. Мужчына гатовы прапанаваць таму, хто знайшоў, 20 еўра.
Калі вы валодаеце якой-небудзь інфармацыяй, паведамьце па тэлефоне 8−10−372−621−53−75 (Viber).