Учора каля гадзіны дня пры адпрацоўцы ляснога масіву паблізу вёскі Шчанец супрацоўнікі міліцыі выявілі два самагонныя апараты, а таксама інгрэдыенты для вырабу самагонкі: больш за 9 тысяч літраў брагі і 90 літраў ужо вырабленай вадкасці. Побач знаходзіўся гаспадар міні-вытворчасці - 42-гадовы жыхар Ваўкавыска, піша «Гродзенская праўда».

Завод знаходзіўся ў лясной глушы, у бязлюдным месцы. Выдала мужчыну сырая адмерзлая зямля: сляды ад яго аўтамабіля былі дакладна бачныя. Акрамя таго, гэты лес ужо быў знаёмы праваахоўнікам — год таму побач затрымалі іншага самагоншчыка.

У гэты раз міліцыянты заспелі мужчыну на пачатковым этапе вытворчасці. Ён нядаўна прыехаў, сабраў апараты і толькі ўзяўся за варэнне.

Міліцыянтам грамадзянін растлумачыў, што ўсё рабіў для сябе, аднак аб’ёмы кажуць пра тое, што прадукцыя рэалізоўвалася.

— Зараз самагонныя апараты дэмантаваныя і канфіскаваныя, брага знішчана, у дачыненні да мужчыны праводзіцца праверка, — паведамілі ў прэс-службе УУС рэгіёну.

Дарэчы, раней гэты чалавек ужо прыцягваўся да адказнасці за выраб самагону.