Іх радаводы запісаныя, гены замарожаныя, імёны захаваныя. На адпаведнасць вышэйшым стандартам у іх праверана ўсё, аж да валасяных цыбулін. Яны здымаліся ў кіно і заваёўвалі еўрапейскае «золата». Гэта — коні са стайні «Эйтуны» саўгаса «Лідскі». Адна з тутэйшых парод захавалася з часоў Вялікага Княства Літоўскага, другая — адзіная выведзеная ў Беларусі.

Стайню для гадоўлі племянных коней пабудавалі ў Эйтунах у пачатку 90-х. З тых часоў рамантавалі толькі касметычна. Мэтавае фінансаванне конегадоўлі скончылася разам з Савецкім Саюзам.

Паводле нормаў звычайнага саўгаса, племянны маладняк не самы выгадны ў жывёлагадоўлі бізнес. Утрыманне «заслужаных дзядкоў» не прадугледжана наогул — іх трэба здаваць на мяса, не зважаючы на мінулыя дасягненні.

Пра тое, як энтузіясты разводзяць коней і шукаюць раўнавагу паміж эканомікай і этыкай, распавяла Hrodna.life Святлана Юркевіч, заатэхнік па конегадоўлі з Эйтунаў.

Тут пачынаўся беларускі конны спорт

Святлана працуе на стайні саўгаса «Лідскі» з 1987 года. Разам з мужам яны прыехалі сюды маладымі спецыялістамі. Мужа прыслалі працаваць трэнерам па конным спорце, Святлану — заатэхнікам па конегадоўлі.

конюшня Эйтуны, совхоз Лидский
Святлана Юркевіч — заатэхнік па конегадоўлі, брыгадзір стайні ў Эйтунах саўгаса «Лідскі». Працуе з коньмі больш за 30 гадоў

Для коннага спорту пры Саюзе грошай не шкадавалі. «Коней розных [у мясцовай спартыўнай школе] трымалі: тракенаў, голштынцаў, будзёнаўцаў. Там трэніраваліся прафесіяналы. Коней для іх куплялі за мяжой і на найлепшых конезаводах СССР».

Святлане паставілі задачу стварыць пры спартшколе сваю конеферму — практычна з нуля. У гаспадарцы на той час было ўсяго пяць коней у старэнькім хляве.

Конь па цане «Волгі»

Для развіцця племянной справы выбралі беларускую запражную і тракененскую пароды.

«Па тых часах такія коні каштавалі шалёных грошай — 15 000 рублёў абыходзілася адна кабыла. Гэта як машына „Волга“ прыкладна».

Тракененская парода коней. Вывелі ў XVIII стагоддзі на конезаводе Тракенен ва Усходняй Прусіі, паблізу Кенігсберга (цяпер Калінінградская вобласць). Гэтых коней пастаўлялі для каралеўскага двара Фрыдрыха Вільгельма I і яго войска. Пасля Другой сусветнай вайны частку коней вывезлі ў СССР на конезавод імя Кірава ў Растоўскую вобласць, другую частку — у Заходнюю Нямеччыну. Тракененскія коні больш за 50 гадоў уваходзяць у топ-20 найлепшых спартыўных парод свету.

Лошадь Синус. Помесь тракененской породы и беларусской упряжной. конюшня Эйтуны, совхоз Лидский
Конь Сінус. Помесь тракененскай пароды і беларускай запражнай

Беларускі запражны конь. Аснову пароды заклалі коні конезаводаў XVII стагоддзя, частка якіх размяшчалася на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці - у Вішневе, Крэве, Данюшаве і іншых. Цяпер беларуская запражная — адзіная нацыянальная парода Беларусі.

Лошадь Маруся, беларусской упряжной породы и директорка Лидского центра по племенной работе Антонина Мархоцкая. конюшня Эйтуны, совхоз Лидский
Кабыла Маруся беларускай запряжной пароды і дырэктарка Лідскага цэнтра па племянной працы Антаніна Мархоцкая

Пастаянна купляць спартыўных коней было занадта дорага нават для саўгаса-мільянера саюзнага падпарадкавання. Але на племянную працу грошы вылучалі. У Эйтунах былі такія коні, што ў 1996 годзе ўвесь племянны табун здымалі ў кіно.

Да гэтага часу самае любімае кіно Святланы Юрэвіч. «Абавязкова паглядзіце, вельмі добры фільм», — раіць яна ўсім гасцям.

Племенной табун совхоза "Лидский". конюшня Эйтуны
Племянны табун саўгаса «Лідскі»

Беларускае золата

Цяпер у табуне саўгаса «Лідскі» 93 кані. «Усё жыццё я імі займаюся», — Святлана абводзіць стайню позіркам і гатова расказаць пра кожнага тутэйшага насельніка.

Жеребята в летнем загоне - левадии, конюшня Эйтуны, совхоз Лидский
Жарабяты ў летнім загоне — левадзе

«Гэта Напор. Выгадавалі тут, на нашай конеферме. Ён выйграў Чэмпіянат свету сярод вайскоўцаў у Бельгіі. У 90-х пяць гадоў запар быў найлепшай канём Беларусі па канкуры».

Сейчас Напору 29 лет. Обычный лошадиный век - около 20 лет. Он долгожитель и сейчас живёт в конюшне на птичьих правах
Зараз Напору 29 гадоў. Звычайны конскі век — каля 20 гадоў. Ён доўгажыхар і зараз жыве ў стайні на птушыных правах

«Гэта Закон. Яму 14. Прыгажун з характарам». Закон цяпер — самы знакамітая конь краіны. Ён абсалютны чэмпіён Беларусі сярод жарабцоў-вытворнікаў у намінацыі «Найлепшы племянны конь», пераможца Белагра-2020 і III Рэспубліканскага фестывалю запражных коней. Ад яго нарадзіліся больш чым 50 жарабят.

Жеребец-производитель Закон и коневод Михаил Василючек. Он работает на конюшне уже 20 лет . конюшня Эйтуны, совхоз Лидский
Жарабец-вытворнік Закон і канявод Міхаіл Васілючак. Ён працуе на стайні ўжо 20 гадоў

Тамерлан — ужо зусім дзядуля і ветэран. Яму хутка 30 гадоў. «У апошні час ён ужо і ў возе не ходзіць. Пасвіцца разам з жарабятамі. Ён яшчэ не самы стары. Пластыку, жарабцу-вытворніку, з якога гэтая конеферма пачыналася, было 32 гады».

Тамерлан, один из самых старых жеребцов конефермы в Эйтунах. совхоз Лидский
Тамерлан, адзін з самых старых жарабцоў коняфермы ў Эйтунах

Андрэй «Манамах», Саша «Бетховен» і Лена «Хвастун»

У тэлефоннай кніжцы Святланы Юрэвіч частка абанентаў пазначаная «падпольнымі мянушкамі». Гэта імёны коней, якіх яны купілі. Цяпер купляюць коней у асноўным прыватнікі - спартсмены або трэнеры. Святлана распавядае, што правярае кожнага, ці ён зможа стварыць для каня прыдатныя ўмовы.

«Неяк тэлефануе адзін, кажа: «Хачу купіць у вас Коржика». Пытаюся:

— Дзе ў вас стайня?

— Няма.

— А для чаго табе конь?

— Хачу дзяўчыне на дзень народзинаў падарыць.

Вось хіба можна яму каня прадаць? Гэта ж не сабачка пакаёвы. Куды яго ў горадзе падзенеш?".

Малады конь са стайні ў Эйтунах каштуе каля $ 2000−3000. Праз некалькі гадоў трэніроўкі іх прадаюць ужо ў дзясяткі разоў даражэй. «І за $ 20 000, і за $ 50 000 нашых коней прадавалі. Калі скача высока або прызы бярэ, то і да $ 100 000 кошт можа падняцца». Каб давесці каня да такога ўзроўню, патрэбныя манежы, спецыялісты, трэнеры. На каняферме такіх умоў і спецыялістаў няма. Тут займаюцца толькі племянной працай і гадуюць маладняк.

«Не маем права іх страціць»

«Гэта ж генафонд! — адказвае Святлана на пытанне, чаму важна захаваць гэтых коней. — Падчас вайны і тое захавалі. А цяпер што, вайна? Мы не маем права іх страціць».

Паводле ацэнак Святланы, цяпер па ўсёй Беларусі не больш за сто кабыл-матак тракененскай пароды. З іх каля 30 — у Эйтунах. Яны не менш важная частка агульнай памяці, чым архітэктура, народныя песні ці вышыванкі.

Жеребчик Композитор. Его отец - Закон, а мать - Клеопатра. Светлана Юревич: «У нас все лошади - с подтверждением породы. На каждую хранятся базы данных и родословная до четвёртого колена»
Жарэбчык Кампазітар. Яго бацька — Закон, а маці - Клеапатра. Святлана Юрэвіч: «У нас усе коні - з пацвярджэннем пароды. На кожнага захоўваюцца базы дадзеных і радавод да чацвёртага калена»

«У першую чаргу наша задача — палепшыць умовы для гэтых жывёл, — кажа Антаніна Мархоцкая, кіраўнічка Лідскага раённага цэнтра па племянной працы. — Трэба рамантаваць дах, мяняць вокны — ім ужо 30 гадоў хутка. У саўгаса на гэта няма сродкаў. Племаабъяднанне вылучае частку грошай для куплі новых кабыл і жарабцоў-вытворнікаў, але рамонт стайняў аплаціць не можа».

Вадим Гринько и Антонина Мархоцкая с конем Кортиком - неоднократным чемпионом страны и призёром Белагро разных лет. Кортик - один из ветеранов конюшни и отец сегодняшнего абсолютного чемпиона - Закона. Сейчас Кортику 27 лет. В Эйтуны его привезли в 10-летнем возрасте
Вадзім Грынько і Антаніна Мархоцкая з канём Корцікам — неаднаразовым чэмпіёнам краіны і прызёрам Белагра розных гадоў. Корцік — адзін з ветэранаў стайні і бацька сённяшняга абсалютнага чэмпіёна — Закона. Цяпер Корціку 27 гадоў. У Эйтуны яго прывезлі ў 10-гадовым узросце

Намеснік дырэктара саўгаса па жывёлагадоўлі Вадзім Грынько — ветурач паводле адукацыі. Прыйшоў у гаспадарку два гады таму. «Калі ў першы раз быў у стайні - вялікімі вачыма глядзеў, эмоцыі перапаўнялі, — распавядае ён. — На наступны дзень прывёў сюды жонку і дзяцей — захацелася далучыць сям’ю».

«Раней з коньмі не працаваў, цікава было разбірацца — як утрымліваюць, як разводзяцца, як племянная работа арганізавана», — кажа Вадзім Грынько. Конегадоўля — рэдкая спецыялізацыя ў жывёлагадоўлі. У Гродзенскай вобласці саўгас «Лідскі» — адзіная гаспадарка, дзе займаюцца коньмі. «Усё гэта трэба захаваць і перадаць наступным пакаленням. Тое, што тут [у Эйтунах] стварылі - нацыянальнае багацце. Ім трэба ганарыцца і перадаваць наступным пакаленням».

Племенной табун на выпасе
Племянны табун на выпасе

Чытайце таксама:

Рэдактарка спецпраектаў, рэпарцёрка, фатографка і відэографка. У журналістыцы з 2015 года. Удзельнічала ў распрацоўцы канцэпцыі рэбрэндынгу выдання «Твой стыль» і стварэнні «Hrodna.life». Паводле адукацыі Ірына інжынер-механік, таму не цураецца тэхнічна-складаных фарматаў.

Найчасцей піша сацыяльныя рэпартажы. Любімая справа — вынаходзіць ровар і ставіць амбітныя мэты для ўсіх, хто не паспеў схавацца.

Матэрыялы Ірыны Новік былі адзначаны дыпломамі многіх конкурсаў.