У Дзень закаханых хакейны «Нёман» на матчы з «Юнацтвам» зрабіў падарунак сваім заўзятарам, якія 14 лютага вырашылі ўзаконіць адносіны. Для Дыяны і Вадзіма падарункі ў выглядзе лігачэмпіёнскіх маек сталі поўнай нечаканасцю.
Нягледзячы на тое, што «Нёман» прайграў «Юнацтву» ў гэты вечар, успаміны ў маладых застануцца на ўсё жыццё. Падчас перапынку Дзіяну і Вадзіма запрасілі на лёд гродзенскай арэны.
«Не чакала, што клуб далучыцца да віншавання. Думала, проста фан-сектар што-небудзь прыдумае. У нас так прынята. Але ў гэты вечар адбылося ўсё наадварот. І гэта вельмі прыемна, што клуб не забывае сваіх заўзятараў. Я якраз ездзіла ў Берлін на Лігу чэмпіёнаў і марыла пра такую майку, а „Нёман“ падарыў», — распавяла Дыяна.