Навіны

Студэнтаў запрашаюць палепшыць працу сваіх універсітэтаў: 6 кейсаў, каб вас пераканаць

Гродзенскіх студэнтаў запрашаюць на адукацыйную праграму «Акадэмія студэнцкага лідарства» (АСЛ). Дзякуючы ёй можна сапраўды палепшыць працу свайго ўніверсітэту, нават калі ты першакурснік. У пацвярджэнне — шэсць паспяховых кейсаў, якія правялі студэнты з розных рэгіёнаў.

«Акадэмія студэнцкага лідарства» — гэта 3-месячная адукацыйная праграма для студэнтак і студэнтаў. На ёй яны разбіраюцца з базавымі паняццямі, такімі як «універсітэт», «студэнт/студэнтка», размаўляюць пра Балонскую сістэму, лідарства, адказнасць, грамадзянскую супольнасць і яе ролю ў грамадстве. Апроч гэтага навучаюцца soft-skills. Робіць усё гэта каманда з трох чалавек.

«Кожная і кожны, хто вучыцца, маюць рэалізаваць уласныя праекты падчас навучання. Гэтыя праекты вырашаюць канкрэтныя праблемы ўніверсітэта, спецыяльнасці, курса ці групы», — кажуць арганізатары з Задзіночання беларускіх студэнтаў.

На рахунку каманды ўжо 10 выпускаў АСЛ за 6 гадоў, зараз набіраюць 11-ы.

«За гэты час мы выпусцілі больш за 180 лідарак і лідараў, большасць з якіх зараз задзейнічаны ў валанцёрстве, грамадскіх арганізацыях розных накірункаў. Таксама яны ствараюць уласныя праекты, ініцыятывы і арганізацыі», — кажуць у АСЛ.

Набор будзе ісці да 20 лютага. Для гэтага трэба трапіць на ўводны семінар. Падрабязнасці на сайце і ў суполках.

Павышэнне прававой свядомасці

Мой праект тычыўся павышэння прававой свядомасці студэнтаў і студэнтак факультэта права ў пытанні абароны правоў непаўнагадовых, якія здзейснілі правапарушэнні ці ўчынілі злачынствы (ювенальная юстыцыя). Мне вельмі пашанцавала з ментарам Мішай Мацкевічам — крутым праваабаронцам і актывістам, які навучыў мяне рэфлексаваць і рухацца паэтапна, абдумваць што і навошта рабіць.

У межах АСЛ я зладзіла маніторынг студэнтаў і студэнтак аб іх інфармаванасці ў гэтым пытанні, правяла TED LAW на сваім факультэце, а таксама прэзентавала вынікі даследвання ў выглядзе праваабарончага праекта ў Піцеры.

Праект FREECH на тэмы свабоды і самаразвіцця

На АСЛ я запусціла праект FREECH (ад free speech) для студэнтаў_ак у Гомелі на тэмы свабоды і самаразвіцця. Гэта перарасло ў самастойную ініцыятыву. Цяпер кожны месяц мы праводзім мерапрыемствы на 15−20 чалавек, ужо ў сакавіку рыхтуем 2-дзённую школу.

На АСЛ я адкрыла для сябе шматлікія сацыяльныя тэмы і захацела дзяліцца імі са сваім асяроддзем. Мая ментарка дапамагла ўсё гэта граматна пачаць. Ужо амаль год у Гомелі існуе новая ініцыятыва.

Збор і перапрацоўка пластыкавых бутэлек

Гэты праект павязаны з экалогіяй. У сваім інтэрнаце я зладзіў сістэму збору пластыкавых бутэлек, якія ідуць на перапрацоўку. Таксама быў усталяваны адпаведны кантэйнер ва ўнутраным двары і ўсе жыхары інтэрнату атрымалі кароткую інструкцыю па сартыроўцы пластыку і макулатуры. Мяне вельмі турбуюць праблемы перапрацоўкі пластыку, а любы інтэрнат з’яўляецца вялікім яго вытворцам. Таму з’явілася думка стварыць зручныя ўмовы для студэнтак і студэнтаў па ўтылізацыі пластыкавых бутэлек.

Ментарства над студэнтамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця

Я даўно цікавілася інклюзіяй, ужо праводзіла сустрэчы для дзяцей з асаблівасцямі, шмат чытала і спрабавала нешта мяняць вакол сябе ў гэтай сферы. На той момант я ўжо не аднойчы сутыкалася з рознымі сітуацыямі ва ўніверсітэце, калі студэнты з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця былі неяк ушчэмленыя ці проста непрынятыя аднагрупнікамі, ці элементарна не маглі знайсці патрэбную аўдыторыю і г. д.

Тады я і вырашыла, што праект мой будзе накіраваны на студэнтаў з асаблівасцямі. Маім рашэннем стала «Ментарства сярод студэнтаў БарДУ». Для пачатку я ўзяла спісы ўсіх студэнтаў з асаблівасцямі ў рэсурсным цэнтры інклюзіўнай адукацыі нашага ўніверсітэта. Далей трэба было даведацца: ці патрэбна насамрэч дапамога гэтым студэнтам. Таму я правяла апытанне, пагутарыўшы з некаторымі рабятамі з спісу. Высветлілася, што жадаючых дапамагчы даволі шмат, і студэнты з асаблівасцямі сапраўды маюць патрэбу ў дапамозе. Цікава тое, што многія студэнты з АПФР самі падахвоціліся дапамагаць.

Пасля я правяла мерапрыемства, на якім распавяла яшчэ большай колькасці студэнтаў аб праблеме і магчымых шляхах яе вырашэння; у форме ток-шоў пагутарылі са студэнтам, які ўжо вучыўся ў Камеруне і Францыі, дзе вельмі даўно практыкуецца ментарства сярод студэнтаў.

Зараз я працягваю развівацца ў гэтай сферы, удзельнічаю ў розных інклюзіўных сустрэчах і мерапрыемствах, конкурсах.

Прававыя кансультацыі для студэнтаў

Ідэя праекта прыйшла бліжэй да канца 1 семінара Акадэміі. Спачатку яна ўяўляла сабой курсы па прававой граматнасці для моладзі. Праіснавала яна нядоўга, і неўзабаве «эвалюцыянавала» да прававой кансультацыі для студэнтаў.

Пасля абмеркавання з ментаркамі і ментарамі ідэя канчаткова замацавалася ў выглядзе юрыдычнай службы, якая акрамя кансультавання студэнтаў павінна выконваць прававое суправаджэнне дзейнасці Задзіночання беларускіх студэнтаў (ЗБС).

Зараз юрслужба праз інтэрнэт кансультуе студэнтаў па пытаннях, звязаных з навучальным правам. Акрамя гэтага вядзецца праца па наданні ЗБС статусу рэспубліканскага моладзевага грамадскага аб’яднання, што дасць ЗБС вялікую колькасць дадатковых правоў і прэферэнцый. Наперадзе яшчэ шмат працы і шмат планаў на будучыню.

BSU Cinema club з англамоўнымі фільмамі

Мой праект BSU Cinema club прысвечаны пашырэнню нефармальнага вывучэння англійскай мовы. Мы вырашылі праглядаць фільмы на англійскай з субтытрамі, потым праводзіць дыскусіі і акрамя гэтага весці некалькі рубрык у суполцы ВК, тыпу слоўнік, цікавыя выразы. Дзеля падтрымання сяброўскай атмасферы кожны сябар клубу мог галасаваць за фільм, які ён жадае бачыць на наступным праглядзе.

Зараз плануем працягваць мерапрыемства і палепшыць яго якасць (тыя ж атмасфера і гук), таксама трэба вызначыцца з часам, бо змяніўся расклад.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Жывёлы з гродзенскага прытулку атрымалі першыя падарункі ад таемных Сант — пункты выдачы заказаў перапоўнены

Гродзенскія пункты выдачы заказаў Wildberries і Ozon аказаліся перапоўнены падарункамі для жывёл. Гэта вынік Таемнага…

23 снежня 2024

Улады зробяць «раскладанку» са славутасцямі Гродна. Што туды патрапіла?

Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…

22 снежня 2024

У Гродне прайшоў парад Дзядоў Марозаў і Снягурак

Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…

21 снежня 2024

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаюць кватэру «калекцыянера» з электракамінам

Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…

21 снежня 2024

І нават ICQ. Ва ўстанове Гродна будуць сачыць за перапіскамі супрацоўнікаў

Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…

21 снежня 2024

Ля сажалкі на Рэпіна з’явіцца дзіцячая інклюзіўная пляцоўка — ужо запланавалі будаўніцтва

У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…

21 снежня 2024