Школа фаер-шоў пачала працу ў Гродне 3 кастрычніка. Яе адкрыла гродзенка Наста Роўба — лідарка тэатра агню «Ergo Bibamus» і арганізатарка Біг-міні-фестывалю.

“Круцяць нешта сабе”. Наста Роўба адкрыла фаер-школу дзе вучаць не баяцца і паважаць агонь
Фаер-шоў у Гродне. Фота: Hrodna.life

Наста займаецца фаер-шоў ад 2008 года. Сёлета тэатр агню «Ergo Bibamus» набрае ў сваю школу трэці раз.

«Я назірала за тым, як у горадзе адчыняюцца розныя заняткі як для дзяцей і дарослых. З кожным годам усё больш з’яўляецца розных напрамкаў на любы густ. Вырашыла, а чым мы горшыя?», — сказала Hrodna.life кіраўніца школы Наста Роўба.

Адкрыць школу было не складана

Па словах Насты, адкрыць школу было не складана, бо за 14 гадоў у дзяўчыны набралася шмат ведаў, якімі яна хоча падзяліцца. «Цяжэй сабраць неабходную колькасць ахвотных вывучаць фаер-шоў», — сказала Наста.

Зараз дзяўчына трэніруе ўсіх жадаючых сама, але іх пакуль «не так шмат як хацелася». Калі колькасць людзей павялічыцца, то Насце будуць дапамагаць яшчэ адзін ці два хлопцы з асноўнага састава тэатра агню «Ergo Bibamus».

«Што тут такога — круцяць нешта сабе»

«Калі чалавек нічога не ведае пра фаер шоу, ён думае, „што тут такога — круцяць нешта сабе“. Але на справе пры гэтым развіваецца праца абодвух паўкуляў мозга, бо працуюць абедзве рукі», — распавяла Наста. Акрамя гэтага, у навучэнцаў добра развіваецца ўяўленне, а занятак фаер-шоў добра ўплывае на нейронныя сувязі. «Магчымасць захварэць „паркінсонам“ змяншаецца».

“Круцяць нешта сабе”. Наста Роўба адкрыла фаер-школу дзе вучаць не баяцца і паважаць агонь
Фаер-шоў у Гродне. Фота: Hrodna.life

Навучым паважаць агонь

Па словах дзяўчыны, навучыцца працаваць з элементамі фаер-шоў не так і цяжка — «было б жаданне». «Складаней ствараць пастаноўкі - тут ужо патрэбен вопыт».

«Мы навучым не баяцца вагню, паважаць яго, працаваць у розных накірунках фаер-шоў. Людзі атрымаюць новае хобі. На мой погляд, у сучасных рэаліях гэта добрая магчымасць для адпачынку галавой і магчымасць парухацца». — сказала Наста.

Дзяўчына спадзяецца, што некаторыя з яе вучняў змогуць стаць часткай калектыву. «А магчыма збяруцца ў яшчэ адзін састаў».

Дзе адбываюцца заняткі і колькі гэта каштуе

Заняткі праходзяць па панядзелках і серадах. Спецыяльна для іх арганізатарка здымае памяшканне на тэрыторыі Сярэдняй школы № 6 насупраць тытунёвай фабрыкі.

Цана заняткаў для дзяцей — 56 рублёў у месяц, за восемь заняткаў. Для дарослых, калі такія знойдуцца, - 64 рублі.

Чытайце таксама: Огни города — Настя Ровба о фаершоу, Мини Фесте, Биг Мини Фесте и о том, на каком топливе говорит её любовь к Гродно