Мечыслаў Гой, уратуй Вітаўта! У Гродне будзе новы стрыт-арт, а што са старым?

Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой распавёў журналістам, што да 1 чэрвеня ў Гродне на тарцах будынкаў з’явяцца маштабныя малюнкі прысвечаныя Гродна. Тым часам ратаваць старыя выявы на будынках ніхто не спяшаецца, хоць яны і карыстаюцца папулярнасцю ў гараджан.

Шмат каго з гродзенцаў хвалюе лёс чатырёхмятровага Вітаўта на трансфарматарнай будцы на вуліцы Пушкіна. Яго намаляваў мастак Вячаслаў Сілен (Silen) у рамках стрыт-арт-акцыі «Must Act – Must Art».

Праблемы з вялікім малюнкам пачаліся яшчэ ў 2015 годзе, але праз тры гады ніхто яго так і не адрэстаўраваў. Аўтар графіці быў расчараваны ўбачаным, і адзначаў, што карціну яшчэ можна выратаваць.

– Крыўдна, што працу, на якую аддаў столькі часу і сіл, хтосьці спецыяльна псуе або зафарбоўвае, – казаў Вячаслаў яшчэ чатыры гады таму. – Хочацца, каб яна праіснавала даўжэй, цешачы людзей. У сваёй працы я рабіў прывязку да горада, каб людзі не забывалі, у якім значным горадзе яны жывуць. Мэта – паказаць, што ў нас была свая гісторыя, вялікія дзеячы і кіраўнікі. Калі я маляваў, людзі цікавіліся, што я хачу адлюстраваць. Многія, асабліва старэйшае пакаленне, нават не ведалі, хто такі Вітаўт і навошта яго маляваць у Гродну.

У нас у краіне вельмі мала стрыт-арта, хоць гэты від творчасці і набірае папулярнасць, але па розных прычынах стаўленне ўладаў да яго часта адмоўнае. Сваю працу я планаваў рабіць на фасадзе вышынёй не менш за два паверхі, але з-за нежадання мясцовых уладаў прыйшлося маляваць на гэтым цеплапункце. Спадзяюся, што сцяну пашпатлююць, тады я б з задавальненнем прыехаў да вас яшчэ, каб адрэстаўраваць малюнак.

Мечыслаў Гой, уратуй Вітаўта! У Гродне будзе новы стрыт-арт, а што са старым?

За тры гады сцяну ніхто так і не пашпатляваў. Наадварот, малюнак Вітаўта яшчэ і закідалі фарбай.

Мясцовыя камунальнікі не спяшаюцца аднаўляць выявы вялікага князя, можа Мечыслаў Гой іх прыспешыць? Мы выдатна ведаем, што старшыня гарвыканкама ўмее ратаваць маштабныя малюнкі ў Гродне. Прыкладам можа паслужыць гравюра горада ля падножжа Замкавай гары. Яе адрэстаўравалі ў маі 2018 года.

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся info@hrodna.life

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: