У кінатэатры «Космас» 9 лютага адбудзецца дадатковы паказ фільма-канцэрту карэйскай групы BTS. Мінулыя два сеансы сабралі амаль 600 чалавек.

Дадатковы паказ кінатэатр зрабіў па просьбах прыхільнікаў карэйскай групы ў Гродне. Білеты ўжо паступілі ў продаж.

Нагадаем, у прэм’еру 26 студзеня ў кінатэатры «Космас» прайшло два паказы па дзве гадзіны кожны. Адзін з іх сабраў 375 чалавек, другі амаль 200 чалавек — у асноўным падлеткаў 12−18 гадоў.

Арганізатар паказу Анастасія Шабашова распавядала:

«Некаторыя рабяты дзеля прагляду прыехалі з іншых гарадоў. Па-сапраўднаму цёпла было чуць, як крычаць імёны людзей, якімі мы захапляемся. Гэта мы называем фанчантамі. Некаторыя прызнаваліся ў любові да фандому [фанатам групы — рэд.]. Я, як арганізатар, была моцна кранутая тым, як фанаты прызнаваліся адзін аднаму ў каханні».

Анастасія адзначае, што канцэрт на вялікім экране і з добрай якасцю гуку нават параўнаць нельга з праглядам на экране тэлефона.

Што такое BTS?

BTS — паўднёвакарэйскі бойсбэнд, хіп-хоп-група, якая складаецца з сямі хлопцаў. Яна сфармавалася ў 2011 годзе. У BTS мільёны прыхільнікаў па ўсім свеце.