Што плануюць пабудаваць у бліжэйшы час у Альшанцы, чаму там перасталі ўзводзіць новае жыллё і як па-новаму будзе ісці цяпло ў кватэры, распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой падчас сустрэчы з жыхарамі раёна. У СШ № 39 у чацвер, 24 студзеня, прыйшло больш за сто гродзенцаў, піша vgr.by.

Пачалі з генплана

За некалькі хвілін да пачатку актавая зала быў запоўнена напалову. У асноўным жанчынамі, мужчын можна было пералічыць па пальцах.

— Мая каманда заўсёды са мной, каб можна было аператыўна адказваць на пастаўленыя пытанні, хутка знайсці рашэнні агучаных недахопаў. Некаторыя моманты яны ведаюць лепш за мяне і глыбей у іх разбіраюцца, — паказаў Мечыслаў Гой на першы шэраг, які занялі начальнікі ці намы профільных упраўленняў і структур гарадскога падпарадкавання.

Паліклініка, ацяпленне і новыя крамы. Мечыслаў Гой сустрэўся з жыхарамі Альшанкі

Размову пачалі з кароткай прэзентацыі нядаўна прадстаўленага генплана развіцця Гродна да 2030 года. Як чакаецца, ён пасля ўзгаднення ў міністэрствах летам гэтага года адправіцца на подпіс прэзідэнту краіны.


Веларух, пажылыя гараджане і драўляная спадчына. Пра што забылі ў генплане для Гродна


Чаму ў Альшанцы прыпынілі будаўніцтва жылля?

Згодна з генпланам, у бліжэйшыя гады шматкватэрная забудова будзе нарошчвацца ў Грандзічах і на Лідскай вуліцы (скончыць узвядзенне раёна плануюць за два гады). Калі казаць аб індывідуальным будаўніцтве, то пад гэтыя мэты аддадуць вёску Малую Альшанку і асвояць другую чаргу ў Пагаранах.


У новым мікрараёне Грандзічы пачалі будаваць першы дом


— Для шматкватэрных дамоў будзем актыўна ўшчыльняць плошчы. Многія тэрыторыі знаходзяцца ў якасці сельгасугоддзяў, і вывад іх адтуль займае шмат часу і сіл. Але вядзецца распрацоўка праектаў дэталёвага планавання мікрараёна Панямунь, раёна вуліцы Дубко і тэрыторыі былой вайсковай часткі на Фолюшы, — сказаў начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Дзмітрый Вабішчэвіч.

Што тычыцца Альшанкі, то тут жылыя дамы пакуль будаваць не будуць. Усяму прычынай — недахоп інфраструктуры і праблемы з камунікацыямі.

— Прыпынілі будаўніцтва жылля наўмысна, каб падагнаць інфраструктуру. За тры гады плануем скончыць з усімі праблемамі, але пакуль яны ёсць з каналізацыяй і ацяпленнем. На аб’язной пабудавалі помпавую станцыю, якая дазволіла бесперабойна падаваць цяпло. Пасля гэтага я нараканняў з Альшанкі не чуў, але станцыя працуе на мяжы магчымасцяў, — адзначыў Мечыслаў Гой.

Паводле яго слоў, рубам стаіць пытанне са спосабам ацяплення новых дамоў. Да таго часу ўвядуць у строй АЭС, і электраэнергія, магчыма, стане танней. Гэта дазволіць разглядаць не толькі класічны варыянт з кацельнай, але і з пакватэрным ацяпленнем, калі ў кожным доме будуць электракацёл і нават электрычныя батарэі. Пакуль чакаюць канкрэтыкі па тарыфах ад урада, дадаў мэр.


Ці стане Гродна зялёным? Прайшлі абмеркаванні экалагічнага даклада да новага генеральнага плана


У верасні здадуць школу, а потым возьмуцца за паліклініку

Да 1 верасня 2019 году каля 3,5 тысячы вучняў прыйдуць у новую школу. Як адзначыў мэр, фінансаванне стабільнае, у будоўлі ніякіх збояў не было. Як толькі будзе здадзена школа, будаўнікі прыступяць да новай паліклінікі. Яна ідэнтычная той, што на Вішняўцы. Разлічана на 650 наведванняў у змену. У верасні праект пройдзе экспертызу. Дарэчы, новая медустанова трапіла ў абласны інвестыцыйны фонд і атрымае сёлета 370 тысяч рублёў.

— Паліклініка ў Вішняўцы зарэкамендавала сябе з самага лепшага боку. Тут 30 тысяч насельніцтва — паліклініка неабходная. Затым пачнем праектаваць новы дзіцячы садок: іх трэба шэсць, а ёсць пакуль толькі чатыры, — рэзюмаваў Мечыслаў Гой.

Калі з’явяцца новыя крамы і хто сапсаваў дзіцячыя пляцоўкі

Як заўважыў Мечыслаў Гой, ад гарвыканкама да школы ён даехаў за 23 хвіліны — гэта кажа пра тое, што глабальных праблем у раёне больш не засталося. Аднак у жыхароў Альшанкі ёсць нямала пытанняў да старшыні гарвыканкама. Пыталіся, калі адчыняцца новыя крамы і кафэ. У канцы 2019 года яшчэ адзін супермаркет мае намер адкрыць сетка «Санта». З’явіцца і кафэ на 100 месцаў.

Наракалі на жаласны стан дзіцячых пляцовак. Жыхар Альшанкі Андрэй сказаў, што яны страцілі першапачатковы выгляд — гумовае пакрыццё рассыпалася, баскетбольныя карзіны зламаныя.

— Бярэм пытанне на актыўны кантроль, будзем па меры магчымасцяў рамантаваць, — адказаў мэр. — Калі зацягнем, праз тры гады ўсё расцягнуць. Пустыня застанецца, а астатняе — на металалом. Таму збярэм старшыняў кааператываў. Акрамя таго, пустуючую аўтастаянку каля лесу пераробяць пад дзіцячую пляцоўку — фінансуе Белтэлекам.

З’явіцца могілкі для жывёл?

Многія адзначалі, што на вуліцах Агінскага і Караткевіча ля пешаходных дарожак вечарамі не гарыць святло. Страшна іншы раз ісці ў цемры. Скаргі ў Гарсвятло і іншыя структуры не прыносяць эфекту.

У адказ на гэта мэр дастаў свой тэлефон і набраў 115 — адзіны нумар для ўзаемадзеяння з ЖКГ. Пасля таго як праблема асвятлення была перададзена дыспетчару, адказаў, што перанакіруе пытанне ў Гарсвятло.

Паліклініка, ацяпленне і новыя крамы. Мечыслаў Гой сустрэўся з жыхарамі Альшанкі

— Неўзабаве там будзе кругласутачна працаваць восем дыспетчараў. Працу ЖЭСа мы ў гэтым плане выключаем. Заяўка будзе актыўная роўна да таго часу, пакуль яе не вырашаць. А то, ведаеце, у ЖЭСах пытанне могуць дзесьці прытрымаць і зусім не выканаць. Так што з 1 лютага адзіная служба запрацуе яшчэ лепш, — паабяцаў мэр.

Нямала спрэчак паўстала з нагоды пляцовак для выгулу хатніх гадаванцаў. З аднаго боку, існуючых мала — сабакі «паспяваюць» задоўга да пляцоўкі, а з другога — агароджаныя прастакутнікі ўжо не падыходзяць для выгулу: плот, кажуць, дзіравы і там не прыбрана. Мэр запэўніў, што хутка пабудуюць трэцюю пляцоўку. Акрамя гэтага будзе вырашацца праблема з месцам для пахавання гадаванцаў - хутчэй за ўсё, будзе адведзены спецыяльны ўчастак.

— Ну што, Альшанка-сіці, зробім ваш раён элітным? Асабіста я гэтага вельмі хачу, — сказаў у канцы сустрэчы мэр, на што зала адрэагавала доўгімі апладысментамі.


Паглядзіце, як будуць выглядаць дарогі Гродна у 2030 годзе