Дадаць навіну
Серада, 17 кастрычніка 2018, 16:07

На дарозе танкі, транспарту няма, вуліцы без святла. Жыхары “элітнага” раёна Ласосна-4 папрасілі дапамогі ў Матолькі

Маладыя сем’і набылі прыгожыя домікі ў раёне Ласосна-4. Але да камфортнага і бяспечнага жыцця там далёка. Дзеці гуляюць на асфальце, а неасфальтаваную дарогу даводзіцца дзяліць з дачнікамі і танкамі. Пыл з яе перашкаджае бачыць і дыхаць. Каб дапамагчы вырашыць гэтыя праблемы, увечары 9 жніўня раён наведаў актывіст Антон Матолька.

Ласосна-4 складаецца з 63 дамоў і 102 кватэр эканом-класу. Сям’я Віталя набыла домік некалькі месяцаў назад і плануе туды пераехаць восенню. І калі рамонт у будынках ідзе поўным ходам, то добраўпарадкоўваць тэрыторыю раёна ЖКГ не спяшаецца. Таму Віталь звярнуўся за дапамогай да блогера Антона Матолькі, які выехаў у “турнэ” па рэгіёнах, каб дапамагчы людзям з іх праблемамі. Вырашыць іх можна сіламі анлайн-актывізму – шматлікімі зваротамі, лістамі да ўладаў і петыцыямі.

Чытайце яшчэ:  Рэпартаж з пасёлка каркасных дамоў у Ласосна, дзе гатовы катэдж каштуе 58 тысяч даляраў па курсе

Разам з блогерам жыхары акрэслілі пяць праблемаў раёна. Цягам тыдня з’явіцца першая петыцыя, якую можна будзе падпісаць, каб дапамагчы людзям. У раёне жывуць актыўныя маладыя сем’і, якія хочуць жыць у камфорце і беспяцы, і гатовыя за гэта пазмагацца.

1. Неасфальтаваная дарога

Праект дарогі ад Гроднажылбуду ёсць, а грошай на рэалізацыю няма. Дарога, якая ёсць сёння, не прызначаная для пешаходаў і веласіпедыстаў, па ёй на палігон з ваеннай часткі ходзяць танкі. Пасля кожнай машыны ў паветра падымаецца пыл. Час ад часу дарогу раўняюць грэйдарам. Яна становіцца раўнейшай, але ў паветра ад гэтага падмаецца яшчэ больш пылу.

Чытайце яшчэ:  БМП «узялі ў палон» мікрараён катэджаў у Гродне. Як церпяць ад вайсковай тэхнікі

Паводле заканадаўства ўсе пад’язныя дарогі да мікрараёнаў павінны быць асфальтаваныя. Ласосна – адзіны раён у Гродне, да якога няма асфальтаванага пад’езду. Тут ужо адбылося адно ДТЗ.

А яшчэ мясцовыя кажуць, што дарогу не будуюць, бо, паводле інфармацыі ДАІ, тут могуць быць міны. Гучыць дзіка, таму жыхары ўжо рыхтуюць запыт у мінабароны.

На дарозе танкі, транспарту няма, вуліцы без святла. Жыхары "элітнага" раёна Ласосна-4 папрасілі дапамогі ў Матолькі

У жылбудзе ў сваю чаргу кажуць кажуць, што пакуль не будуць будаваць дарогу, бо ў будучыні тут і так пройдзе кальцавая магістраль. Жыхары лічаць, што гэта зойме шмат часу. “Ужо гадоў 40 вуліцу Каліноўскага раўняюць, гадоў 25 робяць аб’язную на старым мосце”, – кажуць яны.

2. Транзітны рух дачнікаў

У жылой забудове можна рухацца з хуткасцю не больш за 60 км/г. Але знаку “жылая забудова” ў Ласосна-4 няма, бо ДАІ адмовіла. Жыхарам адказалі, што выкананыя ўсе неабходныя нормы бяспекі, таму няма сэнсу дадаткова абмяжоўваць рух знакамі ці “спячымі паліцэйскімі”. Але дачнікі едуць праз раён значна хутчэй. Жыхары баяцца, што дзеці ці хатнія жывёлы могуць выбегчы на дарогу і здарыцца аварыя. Да таго ж, людзі набывалі тут дамы ў надзеі на тое, што будзе ціха. А пакуль цішыні няма.

3. Няма грамадскага транспарту

Бліжэйшы прыпынак грамадскага транспарту знаходзіцца праз два кіламетры. Пусціць аўтобус бліжэй немагчыма, бо няма разваротнага кальца, тратуараў і пад’езду, кажуць у аўтобусным парку.

“Мэр [старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой – рэд.] сказаў коратка і ясна. Зараз кожны можа купіць сабе машыну. Можна было не купляць сабе дом, а купіць добрую машыну”, – перадаюць яго словы жыхары раёна.

На дарозе танкі, транспарту няма, вуліцы без святла. Жыхары "элітнага" раёна Ласосна-4 папрасілі дапамогі ў Матолькі

Пакуль дзеці будуць вымушаныя хадзіць у школу №19 два кіламетры. Жыхары кажуць, што падвезці іх у школу могуць, а завезці дамоў у працоўны час – цяжка. Дзецям трэба развівацца, хадзіць у гурткі і секцыі. Да таго ж дарога не асвяшчаецца, зімой хадзіць пешшу будзе складана.

4. Вулічныя ліхтары выключаюць у 1.00

У прыватным сектары асвятленне адключаюць дзеля эканоміі. Але з гэтага года пракуратура пастанавіла, што нават у межах эканоміі цалкам выключаць асвятленне нельга.

5. Няма дзіцячай пляцоўкі

У мікрараёне ёсць пляцоўка, якую збіраюцца прадаць інвестарам для пабудовы крамы. Жыхары не хочуць краму, бо лічаць, што яна стане месцам прыцягнення нецвярозых. А дзіцячая пляцоўка патрэбная, бо пакуль дзеці гуляюць з мячыкам на асфальце.

На наступным тыдні жыхары выкладуць петыцыю ў інтэрнэце. Hrodna.life будзе сачыць за развіццём сітуацыі.

Чытайце яшчэ:  Змяніць свет не ўстаючы з канапы: 5 правіл Антона Матолькі

Калі вы знайшлі ў тэксце памылку або абдрукоўку, калі ласка, паведаміце нам, выбраўшы адпаведны фрагмент і націснуўшы клавішы Ctrl+Enter.

comments powered by HyperComments
Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Звяртайцеся [email protected]

Раім пачытаць

Каментары

Spelling error report

The following text will be sent to our editors: