15 студзеня познім вечарам 8 маладых людзей Гродзенскай дыяцэзіі на чале з дапаможным біскупам Юзафам Станеўскім, душпастырам моладзі кс. канонікам Антоніем Грэмзам і старшынёй сінадальнай камісіі па справах моладзі кс. Янам Раманоўскім вырушыла ў Панаму на Сусветныя дні моладзі.
Падчас першых дзён (17−21 студзеня) яны будуць знаходзіцца ў дыяцэзіі Калона — Куна-Яла ў горадзе Калон у парафіі Св. Рыты на атлантычным беразе Панамскага канала, паведамляе Каталіцкі партал Гродзенскай дыяцэзіі.
Калон, разам з Панамай, з’яўляецца галоўным портам краіны. Са сталіцай, акрамя воднага шляху Панамскага канала, ён звязаны чыгункай і шашой, якія ідуць уздоўж канала.
Дыяцэзіяльныя дні - гэта як бы ўваход у тое, што будзе адбывацца (22−27 студзеня) падчас сустрэчы з Папам у Панама-Сіці. Гэта час усталявання супольнасці і больш блізкага знаёмства маладых людзей адно з адным, а таксама знаёмства з краінай, якая іх прымае, яе гісторыяй, культурай, звычаямі, а найперш людзьмі.
Праграма дыяцэзіяльных дзён будзе для моладзі ў пэўным сэнсе сюрпрызам. Аднак вядома, што, падобна як на папярэдніх Сусветных днях моладзі, у ёй будуць пастаянныя пункты, такія, як сумесная малітва, праца на карысць лакальнай супольнасці, канцэрты і фестывалі моладзі. Будзе і магчымасць экскурсій.
У сталіцу Панамы, Панама-Сіці, моладзь вырушыць 21 студзеня, а на наступны дзень там адбудзецца святая Імша адкрыцця 34-х Сусветных дзён моладзі. У дні непасрэднай падрыхтоўкі да сустрэчы з Папам Францішкам маладыя людзі будуць слухаць катэхезы.
24 студзеня адбудзецца ўрачыстасць вітання Папы і афіцыйнае адкрыццё СДМ на Кампо Санта Марыя ля Анцігуа, маляўнічым камунікацыйна-рэкрэацыйным берагавым поясе.