У гродзенскім кінатэатры «Чырвоная зорка» пакажуць оперу The Metropolitan Opera «Кармэн». Паказ пройдзе 2 лютага ў рамках праекта TheatreHD ў Беларусі.

У пастаноўцы па Жоржу Бізэ Раберта Аланья зноў выканае партыю Хазэ, а яго гарачую спакусніцу сыграе Клементін Маргейн, якая дэбютавала ў «Метрапалітэн Оперы» у 2017 годзе.

Рэжысёр Рычард Эйр стаў вядомым падчас працы ў Каралеўскім Нацыянальным тэатры Вялікабрытаніі. Адны з самых знакамітых яго спектакляў - «Гамлет», «Рычард III», «Кароль Лір», а таксама опера «Травіята» (1994) з Анжэлой Георгеў у галоўнай ролі. Эйр
таксама з’яўляецца кінарэжысёрам. За свой дакументальны фільм для ВВС, прысвечаны Фолклендскай вайне, быў уганараваны нацыянальнай прэміяй BAFTA. За сваю рэжысёрскую кар’еру Эйр зняў два дзясяткі кінапрацаў, самыя вядомыя з якіх «Айрыс» (2001),
«Прыгажосць па-англійску» (2004), «Скандальны дзённік» (2006).

Оперу «Кармэн» пакажуць у Гродне ў прамой трансляцыі з Нью-Ёрку

Праект TheatreHD ў Беларусі стартаваў у 2015 годзе. Паказы спектакляў ў запісе і прамой
трансляцыі праходзяць у сталічных і рэгіянальных кінатэатрах. TheatreHD — гэта
трансляцыі на экранах кінатэатраў лепшых пастановак з самых вядомых тэатраў свету:
Каралеўскага Нацыянальнага тэатра (Лондан), Шэкспіраўскага тэатра «Глобус» (Лондан),
Метрапалітэн Оперы (Нью-Ёрк), Вялікага тэатра (Масква) і інш. TheatreHD — праект,
які аб’ядноўвае больш за 35 гарадоў Расіі, Украіны, Казахстана, Беларусі. У рамках
гэтага праекта на экранах кінатэатраў дэманструюцца тэатральныя, оперныя і балетныя
пастаноўкі самых вядомых сцэн свету. Гэта магчымасць убачыць культавых выканаўцаў
сучаснасці ў рэжыме рэальнага часу на вялікім экране, пабываць на спектаклях, пра
якія кажа ўвесь свет.