Павіншаваць беларускамоўную групу дзіцячага садка №65 прыйшлі калядоўшчыкі з дыпламаваным мішкам і гарэзлівай казой. 27 снежня сябры Гродзенскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы гасцілі ў маленькіх беларускамоўных гродзенцаў.

Другая малодшая група садка ўжо другі год гаворыць па беларуску. Да Калядаў дзеці разам з выхавацелькамі ўпрыгожвалі групу і вучылі вершыкі. Прыгадзіліся яны, каб ажывіць казу. У падзяку за цудоўнае лекаванне казы дзеці атрымалі кніжкі з казкамі і цукеркі.
“Добра калядуецца з дзеткамі, – кажа Марыся Харэвіч, “баба” з гурта калядоўшчыкаў. – Ад нас яны могуць даведацца, як выглядае мішка, каза ці зорка, пачуць, як гучаць калядныя песні, павадзіць карагоды”.
“Традыцыі адведвання садкоў і школ з беларускамоўнымі класамі амаль 10 гадоў, – распавёў старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка. – Раней маглі да ўсіх прыходзіць, а зараз толькі да самых маленькіх – да першакласнікаў і ў дзіцячыя садкі. Хочам паказаць дзецям, што беларусы адметныя, што маюць свае абрады і традыцыі”.
Адзначаць Каляды ў садку №45 сябры ТБМ прыдуць ужо ў новым годзе. А наступнае свята, да якога рыхтуюцца зараз – Дзень роднай мовы, што адзначаюць у лютым.












