Адвар цыбулевага шалупіння пафарбуе яйкі ў чырвоны колер, а настойка каркаде — у касмічны сіні. Настойка куркумы дасць жоўты, але лепш пакідаць яйкі ў адвары на ноч. Астатнія спосабы з эксперыменту Hrodna.life пафарбавалі ўсё, акрамя яек. Ад буракоў не адмываліся пальцы, а харчовыя фарбавальнікі пакінулі плямы на белым стале.

Чытайце, як журналісткі Hrodna.life рыхтавалі велікодны кошык і што з гэтага выйшла.

Спачатку выпрабавалі экалагічныя спосабы афарбоўкі яек. Знайшлі ў інтэрнэце падборку рэкамендацый, як атрымаць розныя колеры. Потым паўтарылі эксперымент з харчовымі фарбавальнікамі. Дадаткова паспрабавалі тры спосабы дэкору яек для святочнага стала.

Як фарбаваць яйц на Вялікдзень, Велікодны кошык
Усе яйкі ў гэтым велікодным кошыку афарбаваныя натуральнымі фарбавальнікамі

Цыбулевае шалупінне — спосаб працуе

Рэцэпт 1: «Як у бабулі». Заліць цыбулевае шалупінне кіпнем. Праз дзве гадзіны падсаліць і пакласці яйкі. Закіпяціць і варыць 10 хвілін на павольным агні. Можна пакінуць на даўжэй. Колер стане больш інтэнсіўным.

Класічны рэцэпт дае на шкарлупіне барвова-карычневы колер. Каб яйкі былі не аднолькавымі, надзелі на адно гумкі, на другое паклалі лісток і замацавалі яго марляй, на трэцім «патрэскалі» шкарлупіну, каб на вычышчаным яйку атрымалася мармуровая афарбоўка.

Вараныя буракі - ружовы колер не атрымаўся

Рэцэпт 2: буракі ачысціць і нацерці на буйной тарцы. Выкласці буракі ў рондаль, дадаць воцат і ваду. Пракіпяціць 10 хвілін і астудзіць. У адвар пакласці вараныя яйкі і даць настаяцца некалькі гадзін.

як фарбаваць яйкі на Вялікдзень, буракі, ружовы колер
Усё, што трэба для афарбоўкі яйц бураком

Ва ўсіх рэцэптах з інтэрнэту рэкамендуюць шукаць больш ружовыя буракі. Але мы не ведалі, што бывае ружовыя буракі. У выніку афарбаваліся толькі пальцы, пакуль церлі буракі. Яйка пакінулі ў адвары на ноч. Вынік не парадаваў.

Які на Вялікдзень
Вынік афарбоўкі яйка бураком — ярчэй не атрымалася

Зялёны колер — запахла летам, але колер не ўзяўся

Рэцэпт 3: шпінат і пятрушку дробна парэзаць. Заліць вадой, дадаць воцат і паставіць на пліту. Пасля закіпання варыць 15 хвілін. Яшчэ гадзіну патрымаць яйкі ў адвары. Можна пакінуць на ноч.

як фарбаваць яйкі на Вялікдзень у зялёны колер: зеляніна, шпінат
Для афарбоўкі ў зялёны колер выкарыстоўвалі пятрушку і шпінат

На зялёны колер надзеі няма. Крапіву ў пачатку сакавіка складана знайсці, а шпінат і пятрушка акрамя летняга паху нічога не далі. Толькі праз след ад гумкі бачнае адценне, якое атрымалася.

Як фарбаваць яйкі шпінатам
Для ўпрыгожвання надзелі на яйка тоўстую гумку. Пакінулі на ноч у халадзільніку. У выніку колер амаль не змяніўся

Куркума — колер ёсць, але хацелася ярчэй

Рэцэпт 4: насыпаць куркуму, воцат, соль і заліць вадой. Яйкі апусціць у рондаль. Пасля закіпання варыць 10 хвілін. На 1 літр вады трэба 2 пачкі куркумы па 25 г.

Фарбаванне яек
Усё, што неабходна для афарбоўкі яек куркумой

Яйкі пакінулі ў адвары на ноч, але на вынік гэта мала паўплывала.

Як фарбаваць яйкі куркумой
Яйка, афарбаванае куркумой

Аранжавым стаў толькі клей. Спосаб з апельсінавай цэдрай і папрыкай не спрацаваў

Рэцэпт 5: наліць у рондаль вады, дадаць 4 сталовыя лыжкі папрыкі і 4 сталовыя лыжкі апельсінавай цэдры. Варыць 30 хвілін. Яйкі пакласці ў адвар і пакінуць на ноч.

Як фарбаваць яйкі папрыкай
Усё, што выкарыстоўвалі для афарбоўкі яек цэдрай і папрыкай

Для ўзору выкарыстоўвалі гарачы клей. У выніку афарбаваўся толькі ён. Праўда, зняць клей са шкарлупіны не атрымалася.

Фарбаванне яек да Вялікадня
Яйка пасля афарбоўкі цэдрай і папрыкай

Каркадэ — гэта проста космас. Нарэшце знайшлі працоўны спосаб

Рэцэпт 6: працуе на 100%. Каркаде заліць вадой і давесці да кіпення. Зняць з агню і даць адвару астыць. За гэты час зварыць яйкі ўкрутую. У адвар дадаць воцат і пакласці яйкі, пасаліць. Праз гадзіну колер шкарлупіны стане сінім.

як фарбаваць яйкі на Вялікдзень з каркаде
Усё, што трэба для афарбоўкі яек адварам каркаде

У інтэрнэце абяцалі, што чай каркаде пафарбуе яйкі ў сіні колер. Некаторыя палохалі, што яйкі стануць кіслымі. Для эксперыменту паспрабавалі гэты спосаб. Праз гадзіну атрымаўся «касмічны» сіні.

"Пафарбавалі ўсё, акрамя яек". Перад Вялікаднем праверылі 7 спосабаў афарбоўкі яек - працуюць не ўсе
Яйка пасля афарбоўкі адварам каркаде

Адно яйка мы пакінулі на ноч, каб паглядзець, якое максімальнае адценне можа атрымацца. Другое змясцілі ў марлю з галінкай кропу. На трэцім — разбілі шкарлупіну, каб атрымаліся расколіны і «мармуровы малюнак» на вычышчаным яйку.

як фарбаваць яйкі на Вялікдзень у каркадэ
Усе яйкі аказаліся ядомымі. Праверана

Харчовыя фарбавальнікі - фарбаваць прасцей, але вынік не надта

Другую частку яек афарбавалі харчовымі фарбавальнікамі. Спосаб падрыхтоўкі вельмі просты і распісаны на адваротным баку пакунка. Выбралі пяць колераў.

як фарбаваць яйкі на Вялікдзень
Падрыхтаваныя да працы харчовыя фарбавальнікі

Дадалі спосаб, які нельга было зрабіць пры дапамозе натуральных фарбавальнікаў - рознакаляровы. Для гэтага размалявалі варанае яйка ватовымі палачкамі, змочанымі ў харчовых фарбавальніках, і пакінулі высахнуць.

На ўсе падрыхтоўкі натуральных фарбавальнікаў сышло 3 гадзіны і 15 рублёў. Адвар зеляніны, буракоў і цэдра апельсіна не афарбоўваюць яйка. Харчовыя фарбавальнікі далі бледную афарбоўку. Іх кошт — 1,5 рублія за пакунак.

Лайфхакі: як выкарыстоўваць шкарлупіну для дэкору

Разбітая шкарлупіна можа стаць дэкаратыўнай мазаікай. Цэлую шкарлупіну можна выкарыстоўваць як форму і зрабіць свечку або дэкаратыўны кактус.

Шкарлупіну разбітага яйка паламаць на дробныя кавалачкі і прыляпіць на новае ў выглядзе мазаікі. Прыляпіць можна клейстарам (крухмал з вадой) або клей-алоўкам.

Яйка, задэкараванае шкарлупінай
Яйка з дэкорам са шкарлупіны

«Кактусы» на стале

Яйка пафарбаваць у зялёны колер і маркерам намаляваць крыжыкі. «Пасадзіць» у маленькі гаршчочак. Замест зямлі насыпаць дэкаратыўныя або звычайныя каменьчыкі. Зверху прыляпіць кветачку, можна зрабіць з паперы.

Свечка ў шкарлупіне

Калі дома засталіся старыя свечкі, то святочны стол можна ўпрыгожыць свечкамі ў выглядзе яек.

Разбіць / пракалоць тоўстай іголкай, шылам шкарлупіну яйка і выліць змесціва. Старыя свечкі нарэзаць і пакінуць трохі воску каля асновы кнота, каб можна было яго устойліва паставіць у яйка. Узяць пластыкавы посуд, засыпаць нарэзаную свечку і паставіць на вадзяную лазню. Пачакаць, пакуль свечка стане вадкай, і заліць у шкарлупіну з кнотам. Калі астыне, ачысціць як звычайнае яйка.

велікодны кошык, як фарбаваць яйкі на Вялікдзень
Велікодная кошык і святочны дэкор