Каманды «ВелаГродна», Універсітэта Залатога Веку, Экаманіторынга, Hrodna.life і зборная каманда грамадскіх ініцыятыў Гродна спаборнічалі ў перадсвяточным паблік-квізе. «Калядны НеМо» прайшоў 22 снежня ўвечары ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Што такое НеМо?
Гэта паблік-квіз, які спалучае ў сабе пытанні з самых розных сфер: ад апошніх навін да музычных і відэа-пытанняў. Акрамя таго, гэта магчымасць карысна і весела правесці час, бо мэтай турніру з’яўляюцца нефармальныя зносіны паміж гарадскімі актывістамі, сябрамі НДА і проста прыхільнікамі інтэлектуальных гульняў.
Арганізатар гульні - «Грамадзянскі форум». Гэта рэспубліканская грамадская моладзевая арганізацыя з дваццацігадовай гісторыяй.
Адрыў усяго некалькі балаў
Цягам больш чым 10 тураў лідэары мяняліся, але ў выніку з невялікім адрывам перамагла каманда рэдакцыі Hrodna.life. На другім месцы апынулася каманда Універсітэта Залатога Веку.
Пытанні квіза былі прысвечаны апошнім навінам, крэатыўнай рэкламе, кіно, музыцы, брытанскім навукоўцам, космасу, дзівацтвам краін свету і многім іншым тэмам.
Асаблівасць гэтага НеМа — тое, што на працягу двух дзён ён праходзіў у трох гарадах. Можна сказаць, гэта быў сінхронны турнір.