21 снежня 2018 г. Папа Францішак ухваліў дэкрэты аб беатыфікацыйных і кананізацыйных працэсах. Між іншым, ён прызнаў гераічнасць дабрадзейнасцяў францішканіна Мельхіёра Фардона з Гродна, піша vaticannews.va.

Што гэта значыць?

Гэта азначае, што цяпер вядомаму ў міжваенным Гродне манаху належыць тытул «Вялебны Слуга Божы» (Venerabilis Dei servus). Раней ён меў тытул проста «Слугі Божага» (Servus Dei).

Наданне такіх тытулаў гэта частка доўгага працэсу бэатыфікацыі і кананізацыі, у выніку якіх памерлы хрысціянін залічваецца афіцыйна ў лік блаславёных і святых. Пасля атрымання статусу блаславёнага дазваляецца публічнае шанаванне гэтай постаці ў Каталіцкай царкве. Мельхіёра Фардона цяпер яшчэ не дазваляецца шанаваць публічна, але дзякуючы статусу «Вялебны Слуга Божы» яго можна шанаваць індывідуальна.

Кім быў Мельхіёр Фардон?

Юзаф Фардон (Мельхіёр — манаскае імя) нарадзіўся 5 жніўня 1862 у Гродне, памёр там жа 27 лютага 1927 г. Быў гвардыянам (кіраўніком) кляштараў францішканаў у Гродне і Вільні, спаведніком і паплечнікам св. Максімільяна Кольбэ.

Лічыцца, што ў 1915 годзе ён выратаваў ад расстрэлу немцамі групу 13 гродзенскіх пажарнікаў, сярод якіх былі католікі, праваслаўныя і жыды, якіх немцы палічылі рускімі шпіёнамі. Айцец Фардон паручыўся за іх сваім жыццём і немцы адпусцілі арыштаваных.

Айцец Фардон адразу пасля смерці лічыўся кандыдатам на бласлаўлёнага Каталіцкага касцёла, бо ў Гродне яго яшчэ ў час жыцця лічылі сапраўды святым чалавекам. Працэс прызнання яго заслуг царквой пачаўся ў 1997 годзе і цягнецца дагэтуль. Прызнанне яго спачатку Слугой Божым, а потым Вялебным Слугой Божым — важныя этапы гэтага працэсу.