Зараз у абноўленай зале філармоніі вядзецца мантаж крэслаў і ўстаноўка сучаснага гукавога і светлавога абсталявання, піша БЕЛТА. З’явяцца ў будынку і два кафэ, а таксама рэстаран. У філармонію абяцаюць запрашаць вядомых выканаўцаў і калектывы.
Рэканструкцыя будынка вядзецца з 2012 года. Раней быў уведзены ў эксплуатацыю адміністрацыйна-побытавы корпус. З пачатку 2018 года актыўныя работы вядуцца ў канцэртнай зале. Яна разлічана на 1239 месцаў. Такой ёмістай пляцоўкі няма ні ў Гродне, ні ў іншых абласных гарадах. «У мантажы гукавога і светлавога абсталявання выкарыстоўваецца сучасная тэхніка ад вытворцаў з усяго свету, якая дазволіць праводзіць мерапрыемствы на высокім узроўні і прымаць зорак першай велічыні», — распавёў дырэктар філармоніі Валерый Слабыш. Будзе змантаваны вялікі святлодыёдны экран, а за кошт спецыяльных гукавых панэляў у зале забяспечана ідэальная акустыка.
Фасад плануецца ўпрыгожыць святлодыёднымі хвалямі. Дарэчы, побач з філармоніяй цяпер заканчваецца ўзвядзенне абласной Дошкі гонару. Будзе вырашана пытанне з парковачнымі месцамі: на новай стаянцы іх будзе каля тысячы.