У Гродне каранцін абвешчаны на вул. Аксамітнай з-за вулічнай кошкі, якая захварэла на шаленства, паведаміў БЕЛТА намеснік галоўнага ветэрынара Гродна Дзмітрый Гайда. Па дапамогу звярнулася мясцовая жыхарка, якая прыкормлівае гэтую котку.

У нейкі момант яна заўважыла, што жывёла дзіўна паводзіць сябе. Даследаванне паказала, што котка хворая на шаленства. Цяпер у ачагу праводзяцца неабходныя мерапрыемствы, у тым ліку пазапланавая вакцынацыя (на базе ЖЭСа).

Жанчына праходзіць курс вакцынацыі ў адной з клінік горада. Актыўна ідзе інфармацыйная праца. Вядзецца адлоў безнаглядных жывёл. Выяўляюцца непрышчэпленыя хатнія гадаванцы — за падобнае парушэнне ўладальніку пагражае штраф.

Гэта ўжо пяты па ліку выпадак шаленства жывёл у Гродна з пачатку года. У канцы лістапада каранцін быў абвешчаны на вул. Давыда Гарадзенскага: тут выявілі мёртвую котку. Даследаванні паказалі, што жывёла хварэла на шаленства. У кастрычніку каранцін на двух вуліцах уводзіўся з-за шалёных тхара і ката, у пачатку лістапада прычынай каранціну таксама стаў шалёны кот.

Спецыялісты рэкамендуюць не чапаць безнаглядных жывёл. Калі жывёла выглядае ці паводзіць сябе падазрона, паведамляйце пра гэта ў ветэрынарную службу.