Суд Гродзенскага раёна прыгаварыў да 15 гадоў калоніі наркакур’ера, затрыманага на беларуска-польскай мяжы з 1 кг какаіну, піша БЕЛТА.

Як устаноўлена, дзейнічаючы ў групе з нявызначанымі асобамі, грамадзянін Сербіі і Расіі ў ліпені 2018 набыў у Сербіі какаін. Збываць тавар ён планаваў у Расіі. Мужчына размясціў наркотыкі ў схованку сваёй «Аўдзі», абсталяванай ў пустацелай прасторы паміж дахам і плафонам асвятлення. У Беларусь ён заязджаў з Польшчы праз пункт пропуску «Брузгі». Падчас агляду аўтамабіля супрацоўнікі Гродзенскай рэгіянальнай мытні выявілі партыю какаіну масай каля 1 кг.

«Абвінавачаны прызнаны вінаватым у незаконным з мэтай збыту набыцці, захоўванні і перавозцы асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, учыненых групай асоб, у незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза асабліва небяспечных наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненым групай асобаў па папярэдняй змове», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Гродзенскага абласнога суда.

Мужчыне прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 15 гадоў з канфіскацыяй маёмасці з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку.