У нядзелю 2 снежня “Нёман” на сваім полі праводзіў апошні матч сезона ў якім прымаў брэсцкае “Дынама”. Ігра памiж супернiкамi скончылася буйнай паразой гродзенскай дружыны.
Вынік матчу ў Гродне ўжо нічога не вырашаў: за тур да канца чэмпіянату “Нёман” забяспечыў сабе сёмае месца ў чэмпіянаце. У актыве гродзенцаў было 43 ачкі, “Дынама-Брэст” на радок вышэй – 49. Але матч для супернікаў быў прынцыповым, бо гульня на гродзенскім стадыёне была апошняя ў сезоне для каманд і вырашала хто стане лепшым на захадзе Беларусі. А яшчэ матч быў цiкавым тым, што гродзенец Павел Савіцкі прыехаў на родны стадыён у складзе іншай каманды ўпершыню пасля сыходу з “Нёмана”.
Гродзенцы добра пачалі матч і ў першай палове мелі некалькі добрых момантаў для ўзяцця варот “Дынама”. Але ва ўсіх выпадках “Нёман” падводзіла рэалізацыя. Берасцейцы таксама актыўна атакавалі, але вось з рэалізацыяй сваіх момантаў у іх было ўсё ў парадку. Госці адкрылі лік на 30-й хвіліне, дзякуючы дакладнаму ўдару Паўла Седзько, які першым паспеў на дабіванне пасля ўдару Фамейе.
У другім тайме берасцейцы зайгралі яшчэ больш актыўна, што і адбілася на лiку. Нiвалда на 50-й хвіліне прыгожа адправіў мяч у далёкі кут варот Курганскага. А на 75-й хвіліне Барысаў дабіў “Нёман” і зрабіў лiк 3:0 на карысць сваёй каманды.
“Нёман” : “Дынама-Брэст” – 0:3
У выніку “Нёман” не здолеў парадаваць сваіх заўзятараў на родным стадыёне і буйна саступіў. У чэмпіянаце гродзенцы размясціўся на 7-м радку з 43 ачкамі ў актыве. У мінулым годзе “Нёман” па выніках сезона заняў 6-е месца і меў 49 ачкоў у актыве.



















