Навіны

Паўночную вежу Гальшанскага замка адновяць да канца 2018 года

Вонкавыя працы па аднаўленні паўночнай вежы і кладкі сцен Гальшанскага замка плануецца завяршыць да канца года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Ашмянскім райвыканкаме.

На рэстаўрацыю замка XVII стагоддзя ў Гальшанах быў выдзелены грант з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў памеры Br250 тыс. Работы актыўна вядуцца з вясны. Аднаўляюцца паўночная вежа — найлепш захаваны элемент, а таксама прылеглыя да яе сцены, астатнюю частку замка закансервуюць.

«Падрыхтоўчы этап — праектаванне, архіўнае даследаванне і вывучэнне, археалагічнае суправаджэнне — быў раней праведзены па праграме «Культура Беларусі». Таксама былі расчышчаны падножжа сцен замка: ён нават крыху «падрос», — распавёў метадыст па музеях і гісторыка-культурнай спадчыне аддзела метадычнай работы Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік.

Падчас гэтых работ правялі і сартаванне цэглы, якая калісьці ўпала ці адкалолася. Цяпер цагліны выкарыстоўваюцца для аднаўлення вежы і сцен. Іх называюць «пальчаткай», бо на цэгле бачныя баразёнкі ад пальцаў тых, хто яе вырабляў некалькі стагоддзяў таму. Дарэчы, для працы выкарыстоўваюць спецыяльныя растворы і грунтоўкі, якія не толькі ствараюць эфект даўніны, але і абараняюць і захоўваюць аўтэнтычныя цэглу і элементы.

«Выкананая гідраізаляцыя падмурка, адноўленая кладка сцен, сцены ўзмоцнены і фрагментамі атынкаваныя, адноўленая кроквенная сістэма, выкладзеная чарапіца, усталяваны флюгер. Па праекце завершаны вонкавыя працы будуць да канца года», — распавёў Сяргей Жылік. Плануецца, што неўзабаве будзе зманціравана і вонкавая лесвіца, якая дазволіць наведваць другі і трэці ўзроўні вежы. Цікава, што першапачаткова сувязі паміж паверхамі ўнутры вежы не было. На іх траплялі з размешчанага побач корпуса, які цяпер разбураны.

На 2019 г. запланаваны работы па ўнутраным аздабленні вежы: уладкаванне адхонаў, скляпенняў, тынкоўка сцен, роспіс, стварэнне ляпнога дэкору, каміна, кладка пліткі на падлогу. У перспектыве тут размесціцца музей.

«Пад музейныя памяшканні будуць задзейнічаны тры ўзроўні вежы і ў склеп. Напрыклад, у падвальным памяшканні будзе створана інтэрактыўная экспазіцыя па матывах легенды пра белую даму і чорнага манаха. Магчымыя і тэатральныя пастаноўкі на гэтую тэму», — адзначыў Сяргей Жылік. У музеі таксама будуць прадстаўлены артэфакты, якія былі знойдзеныя падчас археалагічных пошукаў у замку. Адновяць і інтэр'ер вежы, раскажуць аб уладальніках замка родзе Сапегаў, гісторыі Гальшан. Асобная экспазіцыя будзе прысвечана замку ў перспектыве часу: ад мінулага да будучыні. У далейшым ўпарадкавана тэрыторыя вакол замка, адноўлены маляўнічыя сажалкі.

Гальшаны застаюцца знакавым аб’ектам не толькі для раёна, але і для ўсёй Гродзенскай вобласці. Аднаўленне замка, лічаць тут, дасць магчымасць прыцягнуць большую колькасць турыстаў, якія цікавяцца не толькі архітэктурай, але і легендамі, гісторыяй. Дзякуючы раману Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» створаны своеасаблівы брэнд Гальшан і замка.

Запатрабаваны і такі від турызму, як падзейны. У 2019 года тут пройдзе дзясяты юбілейны фестываль сярэднявечнай культуры «Гальшанскі замак» з яркай музычнай, анімацыйнай праграмай.

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама распавялі, што актыўна працягваюцца рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы адразу на некалькіх важных архітэктурных помніках рэгіёну, напрыклад, у Старым замку ў Гродне, Лідскім замку, палацава-паркавым комплексе Свяцк, Каложскай царкве.

Падзяліцца

Апошнія запісы

«Пекла на зямлі». Гродзенка падзялілася, як працуе кадастравае агенцтва падчас рамонту

Шматгадзінныя чэргі, перфаратар і два акенца на рэгістрацыю. Дзяўчына схадзіла ў Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай…

21 лютага 2025

У конкурсе «Гродна Азот» да Дня роднай мовы паўдзельнічалі два пенсіянеры і ідэолаг

Прадпрыемства "Гродна Азот" 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога…

21 лютага 2025

У Польшчы закрылі справу аб давядзенні беларускага экс-палітвязня да самагубства

Палітзняволены з Гродна Кірыл Кетурка скончыў жыццё самагубствам у Цэнтры ўтрымання пад вартай у Варшаве-Служэўцы…

21 лютага 2025

Дырэктара прадпрыемства з Ваўкавыскага раёна судзяць за разгалашэнне службовай таямніцы

Былому сенатару і дырэктару «Краснасельскбудматэрыялы» Уладзіміру Кісялёву пагражае да трох гадоў калоніі за разгалашэнне службовай…

21 лютага 2025

Сыркі «Малочнага Міру» не спадабаліся МАРГ — там знайшлі прапаганду нацызму

"Малочны Мір" абавязалі змяніць назву для серыі глазураваных сыркоў. Пасля чыёсьці скаргі ў Міністэрства антыманапольнага…

21 лютага 2025

Нерухомасць тыдня: у Гродне прадаецца кватэра — сапраўдны постсавецкі олдскул

На Гагарына, 25 у Гродне прадаецца двухпакаёвая кватэра з выдатна захаваным постсавецкім інтэр'ерам. Дом, у…

21 лютага 2025