Гэта адбылося на гульні “Нёмана” і “Юнацтва” ў гродзенскім Лядовым палацы 27 лістапада. Арына не чакала ад Аляксандра такога падарунка на дзень нараджэння і ў атачэнні заўзятараў сказала яму “Так!”.
Пара сустракаецца ўжо тры гады. Пазнаёміліся маладыя гродзенцы на хакеі ў Гродне. Менавіта таму Аляксандр і вырашыў зрабіць найважнейшы крок у сваім жыцці падчас гульні любімай каманды. Заўзятары на фан-сектары ведалі пра неспадзеўку і павіншавалі пару адмысловымі майкамі “жаніх” і “нявеста”.
“Гэта было як мінімум нечакана і ўзрушаюча. Я фанатка хакея, гэта для мяне лепшая прапанова”, – сказала Арына.
Адзначым, што ў гэты вечар не толькі Аляксандр і Арына былі на вышыні, але і іх любімая каманда. “Нёман” абыграў “Юнацтва” з лікам 3:0.



