У Гродне выяўлены чацвёрты выпадак захворвання шаленствам жывёл у 2018 годзе. Мёртвы кот, знойдзены на вул. Давыда Гарадзенскага, хварэў на шаленства. У Гарадзенскім раёне зафіксавалі ўжо 12 выпадкаў. Пра гэта БелТА паведаміў намеснік галоўнага ветэрынарнага лекара Гродна Зміцер Гайда.

Невядомы патэлефанаваў у гарадскую ветстанцыю і расказаў, што на вуліцы Давыда Гарадзенскага ляжыць труп ката. На месца выехалі спецыялісты. Лабараторныя даследаванні паказалі, што жывёла хварэла на шаленства.

У раёне, а гэта вуліца ў цэнтры Гродна, праводзяць патрэбныя мерапрыемствы, у тым ліку пазапланавая вакцынацыя (на базе ЖЭСаў). Актыўна ідзе інфармацыйная праца. Таксама высвятляюць, хто мог кантактаваць з шалёнымі жывёламі. Выяўляюцца непрышчэпленыя хатнія жывёлы — за такое парушэнне ўладальніку пагражае штраф.

Гэта чацвёрты выпадак шаленства жывёл у горадзе. У кастрычніку карантын на дзвюх вуліцах уводзіўся праз шалёных тхара і коткі, напачатку лістапада прычынай карантыну таксама стаў шалёны кот.

[irp posts="91 052″ name="У Гродне зарэгістраваны чарговы выпадак шаленства. Як абараніць сябе?"]

Паводле інфармацыі райветстанцыі, чарговай факт у Гарадзенскім раёне зарэгістраваны ў вёсцы Жылічы. Тут шаленствам захварэў хатні кот. Гаспадыня доўгі час лячыла гадунца ад гнойнага атыту. Нічога падазронага ў яго паводзінах не заўважала. Калі звярнулася ў ветлякарню, захворванне было запушчана. Гэта 12-ы выпадак шаленства ў раёне з пачатку года.