Выпадак зарэгістравалі 2 лістапада ў бадзяжнага ката каля дома 25 на вуліцы Крамко. У горадзе з’явіліся ўлёткі, якія папяраджаюць пра гэта.

Гэта не першы выпадак шаленства гэтай восенню. 1 і 2 кастрычніка ў Гродне зафіксавана адразу два выпадкі шаленства — на вуліцах Кляновай і Курчатава. Пасля гэтага было прынята рашэнне ўвесці каранцін на два месяцы, ён будзе дзейнічаць у мікрараёнах, дзе знайшлі хворых жывёл. Як кажуць эксперты, раз на пяць гадоў шаленства дае такія ўспышкі.

Шаленства — гэта вострае віруснае інфекцыйнае захворванне. Заразіцца ім можна праз укус ці слюну хворай жывёлы — як вулічнай, так і хатняй. Шаленства адносіцца да абсалютна смяротных для чалавека захворванняў. Лячыць яго да гэтага часу не навучыліся. Штогод у свеце ад віруса шаленства гінуць 55 тысяч людзей.

Як абараніцца:

— строга выконваць правілы ўтрымання сабак, кошак і іншых жывёл, штогод рабіць ім прышчэпкі ад шаленства;

— пазбягаць кантактаў з дзікімі жывёламі, якія заходзяць у населеныя пункты;

— не дапускаць камунікацыі хатніх жывёл з бадзяжнымі;

— калі знайшлі, не чапайце трупаў жывёл, не здымайце шкуру і паведаміце пра іх у ветслужбу;

— калі вас укусілі, прамыйце рану мыльным растворам, накладзіце сухую павязку і пракансультуйцеся наконт прышчэпак супраць шаленства. Дарослыя — у БХМД, дзеці - у Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы.

У Гродне зарэгістраваны чарговы выпадак шаленства. Як абараніць сябе?