На сайце Petitions.by апублікаваныя адказы Міністэрства працы Беларусі на дзве петыцыі, звязаныя з выходнымі днямі. Першая тычылася Дзядоў і 7 лістапада, другая — «дня ўз'яднання Беларусі», піша «Радыё С**бода».

Адна петыцыя, якую падпісалі 366 карыстальнікаў, тычылася 2 лістапада — Дня памяці продкаў.

У народзе гэтае старажытнае свята памінання памерлых называюць Дзяды. Да 1998 году 2 лістапада было ў Беларусі непрацоўным — нароўні з праваслаўнай Радаўніцай, якую адзначаюць увесну. Але ўказам ад 26 сакавіка 1998 году № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь» Дзень памяці продкаў быў прызнаны святочным, аднак працоўным днём. Тады ж былі скасаваныя выходныя панядзелкі пасля Вялікадня.


Беларусы збіраюць подпісы за наданне Дзядам статусу дзяржаўнага свята


Пад блізкай па сэнсе петыцыяй збіралі подпісы ў мінулым годзе, але тады апарат Савету міністраў адмовіў каталікам у выходным на Дзяды, «каб не пакрыўдзіць атэістаў» (пры тым, што выходным ёсць праваслаўная Радаўніца — у аўторак праз тыдзень па Вялікадні). Вернікі і ў гэтым годзе накіравалі падобныя звароты ў Савет міністраў: праз сайт Zvarot.by больш за 2500 чалавек зьвярнуліся з прапановай зрабіць выходнымі 1 і 2 лістапада.

У пэтыцыі з сайту Petitions.by прапаноўвалі не проста зрабіць Дзяды выходным, а перанесці выходны дзень на 2 лістапада з 7 лістапада — Дня кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтую прапанову абгрунтавалі Канстытуцыяй Беларусі, якая забараняе ўсталёўваць у якасьці абавязковай нейкую ідэалёгію — а ў гэты дзень славяць ідэалогію, якая прывяла да масавых рэпрэсіяў і забойстваў дзясяткаў тысячаў бязвінных беларусаў.

На гэтую петыцыю першы намеснік міністра працы Беларусі Андрэй Лабовіч даў азначэнне святочнага дня, назваў колькасць святаў у Беларусі і зазначыў, што Канстытуцыя прадугледжвае роўнасць рэлігіяў: маўляў, яшчэ адзін непрацоўны дзень для вернікаў адной канфесіі «можа выклікаць незадаволенасць вернікаў іншых канфэсіяў». На тое, што ў ягоным пераліку рэлігійных святаў праваслаўныя маюць больш выходных за каталікоў, ён не звярнуў увагі.

Таксама першы намеснік міністра працы выказаўся ў абарону камуністычнага свята. Паводле яго, Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі «стала адным з самых значных падзей» (верагодна, памылка машыннага перакладу з расейскай на беларускую) ХХ стагоддзя.

«Гісторыя пацвярджае значнасць ідэалаў Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі — вызваленне працоўных ад эксплуатацыі і прыгнёту, зацвярджэнне раўнапраўя і сацыяльнай справядлівасці, — піша Лабовіч без згадак пра эксплуатацыю, прыгнёт, рэпрэсіі і тэрор, што былі пасля рэвалюцыі. — Дадзеныя прынцыпы закладзеныя ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. А для каго-та гэта проста яшчэ адзін выходны, на працягу якога можна проста адпачыць або правесці час з сям’ёй».

«Дзень уз’яднання Беларусі» — проста «не»

Яшчэ адна петыцыя, якую падпісалі 167 карыстальнікаў, тычылася 17 верасня— дзень, калі ў 1939 годзе СССР уключыў у свой склад частку Польшчы, Заходнюю Украіну і Заходнюю Беларусь (уключаныя, адпаведна, у склад УССР і БССР), якія Польшча раней уключыла ў свой склад па выніках Савецка-польскай вайны 1919−21 гадоў. У той час на Польшчу ўжо напала нацысцкая Нямеччына, з якой саветы дамовіліся аб «сферах інтарэсаў».

На петыцыю той жа самы Лабовіч адказаў больш сцісла: азначэннем таго, што такое «дзяржаўнае свята» (свята, якое мае «асаблівае гістарычнае або грамадзка-палітычнае значэнне для Беларусі»), і пералікам колькасці святаў (5 дзяржаўных, 5 агульнарэспубліканскіх, 5 рэлігійных і 3 памятныя даты, непрацоўных дзён сумарна 9).

Улічваючы гэта, Лабовіч заключыў: «пытанне аб увядзенні дадатковых дзяржаўных святаў у цяперашні час не разглядаецца».


Дзесяць малавядомых фактаў пра ўз'яднанне Беларусі 17 верасня 1939