З пачаткам летніх канікулаў гродзенскія падлеткі і іх бацькі ў сацсетках цікавяцца, дзе знайсці падпрацоўку непаўналетняму. Hrodna.life вывучыў, якія вакансіі прапануе служба занятасці для моладзі.

«Падлеткам 14 гадоў рэальна недзе падпрацаваць? А то ў Трыніці раздаваць паперкі з парфумай 4 руб. у гадзіну плацяць. Па-мойму дзіцячае рабства за такія сумы, не?» — пацікавілася ў Threads гродзенка. 

У каментарах гараджанку не падтрымалі. Адны адзначылі, што такі варыянт лепш, чым у працаваць у піцэрыі па стаўцы 5 руб. у гадзіну ці электрыкам за 3,2 руб.

«Разнос улётак па пад’ездам з абавязковай справаздачнасцю 50-60р дзень, па прыватным сектары 100 руб. у дзень, але там жа трэба працаваць – ногі біць, а цяперашнія падлеткі “далікатныя”», – выказваецца іншая беларуска.

«Пляменніку (14 гадоў) прапанавалі ад школы падпрацоўку/практыку ў рэгістратуры паліклінікі. За 2 тыдні абяцаюць 400 руб. Паглядзім, ці так гэта», – піша яшчэ адна ўдзельніца абмеркавання.

“У школе можна спытаць. У нас у тым годзе набіралі дзяцей на азеляненне», – дадае трэцяя гродзенка.

У Гродне ёсць 200 вакансій для моладзі, а заробак усюды аднолькавы

У чэрвені 2026 на сайце «Службы занятости» прапануюць 201 вакансію ў Гродне, дзе гатовы разглядаць непаўналетніх кандыдатаў.

Напрыклад, можна пайсці афіцыянтам або кухонным працоўным у «АзотСэрвіс» – абяцаюць зарплату ў 850-858 руб. Супрацоўнікаў шукаюць менавіта на летнія месяцы.

Маладых гродзенцаў гатова ўладкаваць і прадпрыемства “Малочны свет”. Трэба працаваць прадаўцом-кансультатам, а таксама раскладваць і фасаваць тавар – зарплата складзе 858 руб. Яшчэ адну вакансію для прадаўцоў-кансультантаў размясціў «ГроднаТаргСэрвіс» – зарплата такая ж: 858 руб.

УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна шукае падсобнага рабочага – гатовы плаціць усё тыя ж 858 руб. На тую ж суму можа разлічваць супрацоўнік зелянбуда – цяпер на прадпрыемстве ёсць 15 працоўных месцаў для непаўналетніх.

Самы высокі заробак – 900 руб. – прапануюць у Гродзенскай абласной бальніцы. Шукаюць кухоннага рабочага, гатовы разглядаць і непаўналетніх кандыдатаў.

Чытайце таксама: Колькасць дзяцей у Гродзенскай вобласці змяншаецца