Гродзенец Павел Кулік звярнуўся ў рэдакцыю Hrodna.life з пытаннем: куды дзелася скульптура Алесі на ўездзе ў Гродна? Аказалася, помнік забралі адтуль яшчэ перад прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў Гродна і абяцаюць вярнуць вясной у новым строі.

Павел распавядае, што штодня праязджае праз галоўны ўезд у Гродна. Ён здзівіўся, калі аднойчы не ўбачыў скульптуры на месцы.

“Кожны дзень па шляху з працы я праязджаю там. За некалькі месяцаў Алеся стала звыклай часткай пейзажу. І наогул, ідэя ўстаноўкі такой скульптуры нядрэнная. Навошта яе трэба было прыбіраць усяго праз некалькі месяцаў пасля ўстаноўкі, пры тым, што ў самым цэнтры горада ўсталявалі некалькі неадназначных кампазіцый?”

Трохметровая Алеся ўжо не сустракае гасцей на М6: яе прыбралі перад прыездам Лукашэнкі
Скульптура “Алеся” на ўездзе ў Гродна

Гродзенец лічыць, што трэба вярнуць скульптуру назад: яна сімвалізавала гасціннасць і была ўпрыгожана з выкарыстаннем беларускіх нацыянальных элементаў.

“З дапамогай Алесі мы паказваем гасцям, што мы – беларусы, мы цэнім сваю гісторыю і традыцыі”, – дадаў Павел.

Скульптура – сезонная

Як аказалася, Алесю забралі супрацоўнікі “Зелянбуда” яшчэ за некалькі дзён да прыезду Аляксандра Лукашэнкі ў Гродна.

“Скульптуру пакуль прыбралі. Калі будуць далейшыя ўказанні, мы яе вернем. Яна ж у нас сезонная – спадніца складаецца з зеляніны”, – распавялі Hrodna.life у “Зелянбудзе”.


Нагадаем, трохмятровую скульптуру жанчыны пад назвай Алеся-Гараднічанка ўсталявалі 30 мая на ўездзе ў Гродна з боку трасы М6. Такі падарунак напярэдадні Фестывалю нацыянальных культур падрыхтавалі гораду “Зелянбуд” і мясцовы бізнесмэн Генадзь Бергер.

Скульптура складаецца з двух частак: верхняя гэта сілуэт, зроблены са штучнага каменя, які важыць больш за 120 кг, а ніжняя гэта металічная спадніца, напоўненая кветкамі.

Трохметровая Алеся ўжо не сустракае гасцей на М6: яе прыбралі перад прыездам Лукашэнкі
Скульптура “Алеся” на ўездзе ў Гродна
Hrodna.life reprint of materials is possible only with the written permission of the publisher. Contact [email protected]