Каб не дапусціць магчымых надзвычайных сітуацый, працаўнікі МНС правераць усе гіпсакардонавыя канструкцыі вялікай плошчы ва ўсіх гандлёва-забаўляльных цэнтрах Беларусі. Такое рашэнне было прынята на паседжанні Камісіі па НС пры Савміне ў сераду, 14 лістапада, піша «Вячэрні Гродна».

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы павінны да 19 лістапада скласці спіс гандлёва-забаўляльных цэнтраў і іншых аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей, у якіх змантаваныя падвесныя гіпсакардонавыя столі вялікіх плошчаў. Да 19 снежня мяркуецца правесці візуальныя агляды. Пры патрэбе будзе дадаткова абследаваны стан падвесных сістэм і столяў. Пасля гэтага МНС абагульніць вынікі праведзенай працы.

Праверкі звязаныя са здарэннем у мінскім гандлёвым цэнтры «Арэна Сіці». У панядзелак, 12 лістапада там абрынулася падвясная столь на плошчы 150 «квадратаў». Пацярпела 24-гадовая прадавачка кветкавага павільёна.

Гэта будзе другая маштабная праверка гандлёва-забаўляльных цэнтраў сёлета — увесну, пасля пажару ў расійскім гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» ў Кемераве, дзе загінулі дзясяткі людзей, МНС па даручэнні прэзідэнта правярала выкананне правілаў проціпажарнай бяспекі ў месцах масавага збору людзей.

[irp posts="55 970″ name="Як забяспечаць бяспеку наведвальнікаў у самым вялікім гандлёвым цэнтры краіны «Трыніці»?"]