Здымкі 1970-1979 гадоў можна пабачыць у “Цэнтры гарадскога жыцця” – там 13 лістапада адкрылася фотавыстава Наталлі Дораш “Мая Гародня”. На вернісажы старэйшыя гродзенцы настальгіравалі, угадвалі месцы і казалі, што частка той даўняй атмасферы яшчэ засталася ў горадзе.

На выставу трапілі самыя раннія здымкі Наталлі Дораш, калі яна толькі зацікавілася фатаграфіяй. 45 гадоў таму ад бацькі ёй дастаўся фотаапарат. З таго часу яна з ім не раставалася і насіла ў дзявочай сумачцы побач з памадамі і пудрамі. Фотаапарат, дарэчы, яшчэ працуе.

"Мая Гародня". Адкрылася выстава Наталлі Дораш пра штодзённае жыццё 70-х

Плёнкі знайшлі ў мяшку на антрэсолях

Выстава складаецца з некалькіх дзясяткаў фатаграфій. На здымках – штодзённае жыццё гарадскіх вуліц. З кожнай звязаная нейкая гісторыя. Гэтак, неяк па цэнтры горада бегала свіння. Калі Наталля яе здымала, нейкі мужчына закрычаў, што такім чынам фатографка ганьбіць сацыялістычны лад і назваў яе ворагам дзяржавы. Праўда, больш мужчына зрабіць не паспеў, бо свіння пабегла на Савецкую плошчу, а ён збег яе лавіць.

– Гэта не настальгія па Савецкім Саюзе, – кажа пра выставу Павел Мажэйка з “Цэнтру гарадскога жыцця”. – Гэта даніна павагі нашаму гораду і бязмернаму таленту Наталлі Дораш і тым архівам, якія ў яе ёсць па гісторыі Гродна. А для маладзейшага пакалення – рэдкая магчымасць убачыць самаму хаця б па фотаздымках тое, пра што чуў ад бацькоў і дзядоў.

Фотаздымкі захаваліся дзякуючы маме Наталлі Дораш. Яна рупліва скручвала і падпісвала кожную плёнку. Пасля яе смерці ўсё знікла. А калі ў кватэры ўжо сталай Наталлі рабілі рамонт, старыя плёнкі знайшлі ў вялікім мяшку ў кладоўцы на антрэсолях. Два-тры гады сышло на рэстаўрацыю і сканаванне архіваў. Пасля выдавецтва “ЮрСаПрынт” выдала фотаальбом “Гродзенскія фатагісторыі”.


Зразумець хуткаплыннасць жыцця. Выйшаў фотаальбом Наталлі Дораш “Гродзенскія фотагісторыі”


– Хто ведаў, што пройдзе 45 гадоў, і ўсё гэта стане ўспамінамі пра той Гродна, якога ўжо няма? Фатаграфія дае гэтыя ўспаміны, – кажа Наталля. – А пройдзе яшчэ 50 гадоў – будуць глядзецца зусім па-іншаму.