Рэдакцыя Hrodna.life ужо не раз чула пытанне: што са знакамітым памяшканем на Савецкай, 3, дзе некалі была арт-галерэя «Крыга». Мы высветлілі: мастацтва там застанецца, але ў больш закрытым фармаце.
Галерэя «Крыга» працавала на другім паверсе будынка з канца 2009 года. Гэта было ўжо другое яе памяшканне: да рэканструкцыі Савецкай плошчы, у сярэдзіне 2000-х, «Крыга» працавала ў гатэлі «Нёман». З 2016 года галерэя пачала дзяліць прастору з «Цэнтрам гарадскога жыцця».
Пасля пераезду Цэнтру памяшканне выкупіў мастак Алесь Сураў і зрабіў там майстэрню.
Як грамадская прастора памяшканне выкарыстоўвацца не будзе. Ды і плошчы там невялікія. Алесь Сураў задумаў праект «Мастацкі клуб», але, каб змясціць большую аўдыторыю, рэалізуе яго ў «Цэнтры гарадскога жыцця» на Кірава, 3. Больш пра праект будзе вядома пазней.
Галерэю выселілі з-за «перапланіроўкі»
Галерэя «Крыга» — гандлёва-выставачная галерэя. Тут праводзіліся выставы гродзенскіх і іншых беларускіх мастакоў і фатографаў. У лістападзе 2017 года гарадскія ўлады разарвалі дамову арэнды з уласнікам галерэі Юрыем Мацко. Падставай стала зробленая сем гадоў раней «перапланіроўка» — замураванае акно і прабіты праход паміж пакоямі.
Мінус адна культурніцкая пляцоўка. Галерэю «Крыга» ў Гродне выселілі
Яшчэ амаль год «Цэнтр гарадскога жыцця» праіснаваў у адным з пакояў памяшкання, а потым пераехаў на новы адрас. Адкрываў прастору ў пачатку верасня 2018 Лявон Вольскі.
Ёсць пытанне, на якое не можаце знайсці адказу? Hrodna.life дапаможа! Пішыце на info@hrodna.life.