Выйшла кніга «Раман Скірмунт (1868−1939). Жыццяпіс грамадзяніна Краю». Аўтар манаграфіі Алесь Смалянчук распавёў «Радыё С**бода» 10 невядомых фактаў пра адну з ключавых постацяў беларускай незалежнасці пачатку ХХ стагоддзя.

1. У сям'і Скірмунтаў да XVІІ стагоддзя размаўлялі па-беларуску

Скірмунты — літоўскі род. Імя Skirmuntas/Skirmantas дагэтуль існуе ў Літве, хоць не вельмі папулярнае. На беларускім Палессі Скірмунты з’явіліся на пачатку XVI стагоддзя. А вось у легендарнай гісторыі пачаткі роду ідуць ад рымскіх патрыцыяў.

Раман Скірмунт выхоўваўся ў польскай сям'і, але прызнаваўся, што да XVІІ стагоддзя ягоныя продкі размаўлялі па-беларуску. Ужо потым Скірмунты былі паланізаваныя.
Ён сваёй радзімай заўсёды лічыў гістарычную Літву і Палессе як яе частку.

2. Шляхецкі род пераўтварыўся ў бізнесоўцаў

Дзед і бацька Рамана парвалі з традыцыямі шляхты, якая жыла з прыгонных сялян, і сталі буйнымі прадпрымальнікамі. На месцы маёнтка ў цяперашняй вёсцы Парэчча Пінскага раёну Брэсцкай вобласці яны стварылі прамысловы цэнтр, адзін з найбуйнейшых у Менскай губерні ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.

У іх дамінавала ткацкая прамысловасць. Суконная фабрыка атрымлівала ўзнагароды на сусветных выставах. Там працавала да 400 рабочых. Дзейнічала таксама вінакурня, цукроўня. Сёння Парэчча — маленькая вёсачка, з маёнтка захаваўся толькі будынак вінакурні.

Там не мелі вялікай ролі станавыя прывілеі: просты рабочы быў амаль роўны гаспадарам, калі добра працаваў. Гэта было жыццё прамыслоўцаў, дзе дамінавалі грошы і стаўленне да сялян без знявагі. Чалавек працуе — значыць, заслугоўвае павагі.

Калі Скірмунты пераехалі ў вёску Парэчча з вёскі Моладава (суседняга маёнтку роду), то замест таго, каб будаваць палац, які б сведчыў пра іх заможнасць, яны прыстасавалі пад жылы дом адзін з карпусоў ткацкай фабрыкі.

Скірмунты ў Парэччы вылучаліся сярод іншай шляхты і нават сярод іншых Скірмунтаў. Іх крытыкавалі сваякі, маўляў, займаюцца спекуляцыяй, нягоднай шляхоцкае традыцыі.

Прэм’ер БНР, які спыняў агонь. 10 фактаў з новай кнігі Алеся Смаленчука

3. Бацька абраў Рамана пераемнікам у бізнесе

Раман быў сёмым з дзесяці дзяцей. У 1883 годзе ў сям'і нешта здарылася, магчыма адбыўся значны канфлікт, і бацька вырашыў сысці. У выніку бацька забраў 15-гадовага Рамана з нямецкай гімназіі ў Рызе, дзе той вучыўся, і прызначыў яго сваім адзіным пераемнікам.

Дзеці шляхты ў тыя часы звычайна заканчвалі гімназію, універсітэт, потым працавалі ў адміністрацыі або займаліся гаспадаркай. Рамана ж доўга рыхтавалі да прадпрымальніцтва ў доме.

Ён атрымаў добрую, хоць і несістэмную адукацыю. Апрача расейскай, польскай, французскай, нямецкай моваў, палескага дыялекту, ён ведаў ангельскую, не надта пашыраную ў той час. Раман любіў нямецкую, ангельскую, польскую літаратуру. Напісаў кнігу пра Юльюша Славацкага. Быў хутчэй гуманітарам. Кіраваў гаспадаркай разам з бацькам да ягонай смерці.

4. Сфармуляваў «краёвую ідэалогію»

Да 36 гадоў Раман быў незаўважны ў грамадскай дзейнасці, апрача ўдзелу ў дабрачынным таварыства ў Пінску. У 1904−1905 гадах ён напісаў дзве кніжачкі, якія выдаў у Львове (тагачасная Аўстра-Вугоршчына), дзе паспрабаваў сфармуляваць асновы новай «краёвай ідэалогіі».

У гэты час пачалі развівацца новыя нацыянальныя рухі: польскі, літоўскі, беларускі, якія раздзіралі гістарычную Літву. Раней яна ўспрымалася як адзіны рэгіён. Да эпохі нацыяналізму было няважна, хто там жыве: беларусы, палякі, літоўцы.

Аднак літоўскі рух імкнуўся да стварэння невялікай літоўскай этнічнай дзяржавы са сталіцай у Вільні, хоць яна і была па-за межамі этнічнай Літвы. Аднак той, хто валодаў Вільняй, забіраў сабе гісторыю ВКЛ. Галоўнай прыкметай прыналежнасці да літоўскай дзяржавы мелася быць літоўская мова і паходжанне. Краёўцы мелі спробу захаваць гістарычную Літву ў межах ВКЛ, а галоўным чыннікам нацыянальнай прыналежнасці для іх станавіўся патрыятызм. Фактычна, паспрабавалі стварыць нацыю палітычнага тыпу.

Тады ўзнік тэрмін «літоўскія палякі» і нават магла паўстаць новая нацыя людзей, якія культурна прыналежалі да палякаў, але сваёй радзімай лічылі гістарычную Літву. Ідэалогіяй новай магчымай нацыі была краёвая ідэалогія.

Краёўцы мелі шанец на перамогу, але ўсё скончылася з Першай сусветнай вайной. Немцы падтрымалі літоўскі рух, які перакрэсліў краёвую ідэю.

Прэм’ер БНР, які спыняў агонь. 10 фактаў з новай кнігі Алеся Смаленчука

5. Карміў увесь Менск
Увосень 1915 года, калі Парэчча было ў руках немцаў, Раман з маці пераехаў у Менск да 1918 года. Яны жылі ў доме, які месціцца справа ад Чырвонага касцёла. Тамсама здымала паверх Марыя Магдалена Радзівіл.

У 1915 годзе Скірмунта мабілізавалі на фронт, але ваяваў ён нядоўга. Ці то быў паранены, ці то яго адклікала земства. У 1916−1917 гадах ён працаваў у земстве і забяспечваў усю Менскую губерню харчаваннем. Шукаў мяса, жыта, селядцы па ўсёй Расеі, выбіваў вагоны. Ён быў на той час вельмі вядомай асобай. Захавалася тэлеграма з пазнакай «Менск, Скірмунту». На той час толькі ў Менску жыло каля 350−400 тысяч чалавек.

Скірмунт выехаў, калі бальшавікі занялі Менск у канцы 1918 года. Потым жыў у Варшаве, Пінску, Парэччы. У 1920-я гады быў сенатарам Рэчы Паспалітай. Падчас вайны маёнтак быў знішчаны, немцы вывезлі ўсё абсталяванне. Сям’я Скірмунтаў выжывала праз тое, што прадавала лес, які рос на іхніх землях.

6. Праваліў перамовы аб аўтаноміі з Расеяй

У канцы 1916 года ён далучыўся да беларускага нацыянальнага руху з цэнтрам у Менску. Зрабіў дзіўны для яго выбар, бо многія з ягонага асяродку ў той час выбіралі Польшчу.

Беларускі нацыянальны рух у канцы 1916 года ў Менску складаўся з адной арганізацыі «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны», якая не мела грошай. З прыходам Скірмунта ейны аўтарытэт вырас. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі яна пераўтварылася ў Беларускі нацыянальны камітэт з Раманам Скірмунтам на чале.

Скірмунт вырушыў з дэлегацыяй у Петраград на перамовы аб аўтаноміі Беларусі. Аднак яны скончыліся правалам. Няўдача змяніла становішча самога Скірмунта. Сацыялісты адразу паспрабавалі яго прыбраць, маўляў, гэта «паны-памешчыкі» хочуць дамінаваць.

Гэтая прапаганда мела эфект. У траўні 1917 года Скірмунт сам сышоў з кіраўніцтва. У ліпені таго ж года сацыялісты ліквідавалі камітэт і стварылі Саюз беларускіх арганізацый. Скірмунт застаўся на другасных пазіцыях.

7. Стварылі ўрад Скірмунта
Скірмунт вяртаецца на актыўныя пазіцыі ў лютым 1918 года, калі немцы ўваходзяць у Менск. Рада БНР у ліпені 1918 года вырашыла стварыць урад пад кіраўніцтвам Скірмунта. Аднак папярэдні ўрад Язэпа Варонкі не перадаў пячатку і адмовіўся сыходзіць з пасады.

Каб знайсці еўрапейскую падтрымку незалежнасці, у кастрычніку дэлегацыя на чале са Скірмунтам паехала ў Нямеччыну. Аднак немцам было выгадней захаваць пагадненне з Расеяй. Ягонай умовай было, каб Нямеччына не падтрымлівала ніякія дзяржаўныя ўтварэнні на колішніх землях Расеі. Антанта, якая перамагла ў Першай сусветнай вайне, адмаўлялася весці перамовы з тымі, хто раней звяртаўся па дапамогу да немцаў.

Улетку 1919 года Раман Скірмунт сышоў з беларускага руху, але заставаўся краёўцам да канца жыцця.

Прэм’ер БНР, які спыняў агонь. 10 фактаў з новай кнігі Алеся Смаленчука

8. Забілі свае

Трагічная смерць прыйшла з вёскі, якую Скірмунт любіў і падтрымліваў.

Яго забілі 7 кастрычніка 1939 года. У Парэччы тады знаходзіліся бальшавіцкія камісары, без іх згоды гэтае было б немагчыма.

Рамана Скірмунта і ягонага швагра забралі з хаты трое сялян. Усім сказалі, што павязуць на допыт у Пінск. Насамрэч іх вывезлі за 8 кіламетраў у лес і застрэлілі. Націснуць на курок пагадзіўся толькі адзін — Сільвестар Лукашык, па мянушцы «Соловэй». Калі ён напіваўся, то расказваў аднавяскоўцам, як забіваў, спачатку з гонарам, потым з жалем. Забойца не мог забыць вочы Скірмунта, бо той глядзеў на яго, калі ён страляў.

У 1942 годзе апошнюю з роду Скірмунтаў на Піншчыне Алену Скірмунт, малодшую сястру Рамана, забілі партызаны.

9. Спыняў агонь

На Палессі Скірмунт набыў вобраз легендарнай постаці. Людзі казалі, што ён меў здольнасць словам спыніць агонь. Калі здараўся пажар, то беглі па яго, ён нешта шаптаў і агонь спыняўся. Тое ж распавядаюць у іншых вёсках. З фактаў жа вядома, што Скірмунт стварыў пажарную дружыну.

10. Застаўся грамадзянінам Краю

Рамана Скірмунта цяжка змясціць у сённяшнія нацыянальныя каноны. Ён быў і палякам, і беларусам, і гістарычным ліцвінам. Пасля паразы беларускага дзяржаўніцкага праекта і краёвасці, падтрымліваў польскую дзяржаўнасць, бо менавіта ў ёй бачыў галоўную сілу, здольную спыніць бальшавізм. Пры гэтым заставаўся краёўцам, «грамадзянінам Краю», межы якога звузіліся да межаў Палесся. Ён жыў ягонымі інтарэсамі і адстойваў адметнасць Палесся перад уладамі з Варшавы.

***
Алесь Смалянчук рыхтаваў кнігу цягам 20 гадоў. Матэрыялы знайшоў у архівах Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Украіны, Нямеччыны, Расеі. Маёнтак Скірмунтаў быў разрабаваны пасля забойства Рамана Скірмунта ў 1939 годзе, сямейны архіў знік. У кнігу ўвайшлі не толькі дакументы і фотаздымкі, але і ўспаміны жыхароў Піншчыны пра Скірмунтаў.

[irp posts="26 156″ name="15 кніг, якія фармуюць брэнд Гродна: версіі прыватных і дзяржаўных кнігарняў"]