Ад старых фатаграфій да сучасных кніг — усяго больш за 900 экспанатаў прысвечаных Першай сусветнай вайне прадстаўлена на выставе ў аддзеле мастацтваў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага.
На выставе прадстаўлены экспанаты, якія распавядаюць не толькі пра рускую, але і пра нямецкую ды аўстра-венгерскую арміі,
а таксама аб войсках саюзнікаў Расіі - краін Антанты. Частка рарытэтаў прысвечана вядомым ваеначальнікам і імператарскім асобам.
Большую частку экспазіцыі складаюць фатаграфіі, архіўныя дакументы, кнігі з фондаў бібліятэкі, а таксама рарытэты, сабраныя гродзенскім краязнаўцам і калекцыянерам Аляксандрам Сявенка.
Выстава ў бібліятэцы працягнецца да пачатку снежня.
Даведка
Першая сусветная вайна (28 ліпеня 1914 — 11 лістапада 1918) — адзін з самых шырокамаштабных узброеных канфліктаў у гісторыі чалавецтва. Усяго за гады вайны ў арміі ваюючых краін было мабілізавана больш за 70 мільёнаў чалавек, у тым ліку 60 мільёнаў у Еўропе, з якіх загінула ад 9 да 10 мільёнаў. Ахвяры грамадзянскага насельніцтва ацэньваюцца ў 7−12 мільёнаў чалавек; каля 55 млн чалавек атрымалі раненні. Вайна прывяла ў выніку да рэвалюцый: Лютаўскай і Кастрычніцкай 1917 года ў Расіі і лістападаўскага 1918 года ў Германіі. У выніку вайны спынілі сваё існаванне чатыры імперыі: Расійская, Аўстра-Венгерская, Асманская і Германская.