Каля 100 пазадарожнікаў з Беларусі і блізкага замежжа можна было ўбачыць 11 кастрычніка на Савецкай плошчы ў Гродне. З цэнтра горада быў дадзены старт міжнародным спаборніцтвам — трофі-рэйду «Паплавы».
Такая падзея ў Гродне праходзіць ужо ў другі раз. Упершыню пазадарожнікі выстаўлялі ў цэнтры Гродна перад стартар рэйду ў 2015 годзе.
Пасля ўрачыстага старту ўдзельнікі накіраваліся ў Парэчча, дзе пройдуць цяжкія заезды па бездаражы. Сярод удзельнікаў ёсць і гродзенцы.
«У нас быў перапынак і мы вярнуліся ў Гродна, а наогул у Гродзенскім раёне гэта ў нас пятая гонка ў гісторыі, — распавядае каардынатар гонак Васіль Чарапок. — У гэтым годзе да нас заявілася шмат краін, акрамя гаспадароў: Расія, Украіна, Латвія, Літва, Германія і экіпаж з Ізраіля. Нашы спаборніцтвы праходзяць два дні ў рамках Кубка Беларусі. А наогул мы вярнуліся ў Гродна, каб нас не забыліся».