Уладзімір Ярэц — першы ў свеце байкер-кругасветнік, які не чуе. На матацыкле ён падарожнічаў па шасці кантынентах — быў у Еўропе, Азіі, Афрыцы, абедзвюх Амерыках і Аўстраліі. Зараз Уладзіміру 78 гадоў. За апошнія 13 гадоў ён праехаў 440 000 кіламетраў і спадзяецца трапіць у Кнігу рэкордаў.

Мінчанін Уладзімір Ярэц у 12 гадоў захапіўся геаграфіяй і паабяцаў сабе пабываць ва ўсіх краінах свету. З 1966 па 2019 слесар мотавелазавода наведаў 142 дзяржавы.

Не чуе, але кіруе байкам. 78-гадовы мотападарожнік ездзіць па свеце, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса

Па прыблізных падліках за 52 гады ён «наматаў» 1 000 000 кіламетраў - гэтага б хапіла, каб 25 разоў абагнуць зямны шар. За час падарожжа Уладзімір здзейсніў 27 авіяпералётаў (9 разоў з матацыклам) і 64 паездкі на параходах. Толькі па краінах СССР ён праехаў 11 разоў.

«Мне падабаецца, як на мяне глядзяць мае суседзі-аднагодкі, калі я ў чарговы раз збіраюся ў дарогу, — піша ў сшытку для камунікацыі Уладзімір. — Нават тыя, хто маладзейшы за мяне, сядзяць нямоглыя, а я аб’ездзіў увесь свет. Я раблю кожны дзень зарадку і выпіваю 50 грам каньяку з 50 грамамі вады. Гэта мне дапамагае трымаць сябе ў тонусе».

Не чуе, але кіруе байкам. 78-гадовы мотападарожнік ездзіць па свеце, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса

Зараз ветэран мотападарожжаў завяршае адносна невялікі тур. Выехаўшы з Мінска 28 траўня Уладзімір наведаў Варшаву і Гановер, на параходзе з нямецкага Кіеля дабраўся да Клайпеды, адтуль праз Польшчу прыехаў у Гродна. 17 чэрвеня матацыкліст накіруецца дадому ў Мінск.

«Мала дзе мяне так сустракалі, як у Гродне! Людзі падыходзяць, фатаграфуюцца, частуюць квасам. А таверна «Падкова» на Кірава мяне пачаставала бясплатным абедам. Вельмі ўтульна, а галоўнае смачна! Нячаста ў падарожжах я так добра ем — на ўсім даводзіцца эканоміць.

Не чуе, але кіруе байкам. 78-гадовы мотападарожнік ездзіць па свеце, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса

У краме «Цудоўня» па-суседству падарылі сувеніры. Хацеў разлічыцца — грошай не ўзялі. Я быў вельмі здзіўлены. Дзякуй усім вялікі!"

Не чуе, але кіруе байкам. 78-гадовы мотападарожнік ездзіць па свеце, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса

«Вядома, маёй пенсіі слесара на падарожжы не хапае. Дапамагаюць людзі. Большую частку сродкаў я збіраю ў гарадах, куды прыязджаю. Міліцыя не чапае, бачаць, што я на справу, а не проста нейкі жабрак.»

Уладзімір не чуе і мае адмысловцю шыльду з просьбай аб ахвяраванні. «Лічыце, гэта плата за фатаграфію», — смяецца падарожнік. Яго ведаюць амаль усе мотаклубы, часта фінансава дапамагаюць менавіта яны.

Не чуе, але кіруе байкам. 78-гадовы мотападарожнік ездзіць па свеце, каб патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінеса

«На карце яшчэ шмат месцаў, дзе я хачу пабываць, — кажа Уладзімір. — Проста трэба назапасіць грошай на новыя падарожжы». Пагутарыць з Уладзімірам, сфатаграфавацца і падтрымаць байкера можна ў скверы каля памятнага знака Фары Вітаўта.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life